Гродзенец Чэслаў Сташко на працягу года здымаў яўрэйскую спадчыну Беларусі. 9 чэрвеня фатограф прадставіў у гродзенскай сінагозе ўласную выставу пад назвай «Учора, Сёння, Заўтра.?».
Ідэя фотапраекта нарадзілася пасля леташняга праекта мастака Алеся Сурава, які выстаўляў свае работы таксама ў сінагозе.
Тады ж Сураў і прапанаваў свайму сябру — фатографу Чэславу Сташко — сумесна аб’ехаць Беларусь і адлюстраваць яўрэйскую спадчыну. Гродзенцы разам ахапілі толькі малую частку таго, што захавалася ад даваеннай гісторыі яўрэйства ў Беларусі.
За год фатограф адздымаў велізарную колькасць матэрыялу, у гродзенскай сінагозе ён прадставіў толькі 60 здымкаў.«Ідэя такога праекта з’явілася ў Алеся Сурава, — распавядае Чэслаў Сташко. — Яна мне спадабалася, хоць у мяне і няма этнічных яўрэйскіх каранёў. Чым больш я здымаў, тым больш яна мяне захоплівала. У выніку з’явілася такая фотавыстава. Пласт яўрэйскай культуры ў нас захаваўся проста велізарны, усе месцы за такі кароткі час я не паспеў аб’ездзіць. На сённяшні дзень я бачу, што працягну працаваць над гэтай тэмай».
Гэта першая персанальная выстава Сташко. Магчыма, у будучыні гродзенец выдасць зборнік фатаграфій і арганізуе сумесную выставу з мастаком Алесем Суравым.