8 чэрвеня сотні байкераў у складзе мотакалоны праехаліся па Гродне. Недалёка ад горада праходзіць 15-ы рок-байк фестываль “Хавайся ў бульбу”.
На фестываль з’ехаліся аматары двухколавага транспарту з Беларусі і блізкага замежжа. Спачатку на мерапрыемстве не павінна было быць традыцыйнай мотакалоны – з-за новага закона аб масавых мерапрыемствах. Аднак 6 чэрвеня арганізатары паведамілі, што фестываль “Хавайся ў бульбу” ўключылі ў шэраг мерапрыемстваў райвыканкама і ўсе адміністрацыйныя выдаткі раён узяў на сябе. У тым ліку – забеспячэнне калоны спецслужбамі.
Рок-байк-фэст “Хавайся ў бульбу” праходзіць 7-8 чэрвеня на базе адпачынку “Дом Рыбака”. На фестывалі выступаюць: An Old Town’ Dogzz, К121, «Rammstain-Трыб’ют», РСП, DZIECIUKI, Kaduk, “ИГО”, The GoonzZ, Drum Ecstasy, «Чорны абеліск», шоў-праект «MALINA». У праграме таксама конкурсы, дыскатэка, атракцыёны, фаер-шоў і бясплатныя татуіроўкі.















