Новы міжнародны веласіпедны маршрут «АўгустВела» ўрачыста адкрыюць 2 чэрвеня, піша belta.by са спасылкай на ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Маршрут працягласцю каля 50 км пачынаецца ад выезду з Гродна ў бок Аўгустоўскага канала. Праходзіць праз вёскі Радзівілкі і Нямнова, палацава-паркавы комплекс «Свяцк», пасёлак Сапоцкін, Аўгустоўскі канал, па якім можна дабрацца да сезоннага рачнога пункта пропуску «Лясная-Рудаўка» на беларуска-польскай мяжы.

«Маршрут «АўгустВела «злучыў Гродна і беларускую частку Аўгустоўскага канала з сеткай маршрутаў GreenVelo працягласцю каля 2 тыс. км. Беларуская частка маршруту прамаркіравана паводле еўрапейскіх стандартаў, усталяваныя каля 500 таблічак, 7 карт-схем, ёсць тры месцы адпачынку. Плануецца злучыць «АўгустВела «з Белавежскай пушчай і распрацаваць сумесна з Падляскім ваяводствам і Брэсцкай вобласцю веласіпедны маршрут «БелавежаВела «, — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.


Августовский канал и Беловежскую пущу свяжут кольцевым веломаршрутом


Ва ўрачыстым адкрыцці 2 чэрвеня возьмуць удзел кіраўніцтва Гродзенскай вобласці і Падляскага ваяводства Польшчы. У маршруту «АўгустВела» ёсць свой лагатып, створаны даведнік на некалькіх мовах, інфармацыйныя буклеты «Пашпарт турыста» на трох мовах. Запланавана абнаўленне інфармацыйна-турыстычнага цэнтра ў Сапоцкіне, стварэнне пунктаў пракату і абслугоўвання ровараў.