Гродзенскія мастакі, дыпламаты з консульстваў Літвы і Польшчы і дзеці з Гродзенскага дзіцячага хоспіса сабраліся на арт-сесію «Хвалі дабрыні». Разам яны напісалі карціны ў стылі імпрэсіянізму. Пазней іх пакажуць на выставах, а за атрыманыя сродкі купяць абсталяванне для пацыентаў хоспіса.

— Ідэя нарадзілася два гады таму. Я бачыла, як у Літве робяць такія мерапрыемствы, у Польшчы. Мне здаецца, гэта добры пасыл — развіваць дабрачыннасць на розных культурах і імкнуцца аб’ядноўваць рэсурсы. Хочацца, каб наш прыклад развіваў дабрачыннасць у Гродне і краіне. Разам з дыпламатычным корпусам, які працуе ў горадзе, — кажа Вольга Вялічка, дырэктарка хоспіса.

youtu.be/Cms7kJocqtI

Дзесяць мастакоў, дзесяць дыпламатаў і дзесяць дзяцей аб’ядналіся ў тройкі згодна з жараб’ёўкай. Мастакі намецілі аснову малюнка і пачалася сумесная праца. Дзеці ўдзельнічалі ў працэсе ў сілу сваіх магчымасцяў. Але паўдзельнічаў кожны. У польскім консульстве адзначылі, што героі мерапрыемства — дзеці, якім тут шчыра хочуць дапамагчы. Але і дарослыя могуць адкрыць у сабе таленты.

Імпрэсіянізм у Гродне. Як мастакі, дыпламаты і дзеці з хоспіса разам пісалі карціны

— Дабрыня не мае ні нацыянальнасцяў, ні межаў, і гэта тая справа, якой мы па закліку душы абавязаны займацца. Галоўнае зрабіць гэта для дзяцей, якім патрэбна нават не дапамога, а ўвага, — кажуць у літоўскім консульстве. Абодва консульства, дарэчы, не першы год рэалізуюць сумесныя праекты з хоспісам. І абяцаюць дапамагаць далей.

Падчас акцыі ўдзельнікі пісалі карціны на гродзенскую тэматыку ў стылі імпрэсіянізму. Гэты стыль зарадзіўся ў канцы 19-га стагоддзя, калі мастакі адкінулі правілы і пачалі маляваць так, як бачаць і адчуваюць. У Гродне мастакі адлюстроўвалі ў працах Нёман, ваду, архітэктуру горада.

Мерапрыемства прайшло ў «Кронан Парк Гатэлі». Акрамя арт-сесіі, там можна было пагуляць у дзіцячай зоне або паспрабаваць сілы ў настольных гульнях ад Цэнтра адпачынку і развіцця «Партал».

Імпрэсіянізм у Гродне. Як мастакі, дыпламаты і дзеці з хоспіса разам пісалі карціны

Ужо летам 2019 года створаныя падчас акцыі работы пакажуць на выставах у Польшчы і Літве, а перад Новым годам — ​​у Гродне. На атрыманыя ад дэманстрацыі сродкі купяць абсталяванне для пацыентаў хоспіса.

Ахвяраванні ў праекце «Хвалі дабрыні» патрэбныя на куплю двух кахлятараў (яны дапамагаюць адкашляцца, калі ў дзіцяці не хапае сіл), двух вертыкалізатараў (яны дапамагаюць падняць дзіцяці на час працэдур), трахеастамічных трубак і фільтраў для іх, а таксама апарата, з якім можна браць аналізы дома. Агульны кошт неабходнага абсталявання — каля 60 000 рублёў.

«Хвалі дабрыні» — не першая мастацкая акцыя Гродзенскага дзіцячага хоспіса. У 2017 годзе мастакі горада паўдзельнічалі ў праекце «З вера ў жыццё і людзей» у падтрымку дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]