Даследчыца-гісторык з Гродна Наталля Сліж вядомая сваімі працамі ў галіне беларускага сямейнага права. Напрыклад, пра шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стагоддзі. Нядаўна гісторык авалодала яшчэ адной прафесіяй і стала астролагам, піша n*.by.
Астралогіяй Наталля зацікавілася больш за чатыры гады таму. Спачатку проста чытала артыкулы па тэме, а потым пераключылася на прафесійную літаратуру.
«Я самавучка, не атрымлівала спецыяльную адукацыю. Таму што ў гэтай галіне калі хто і выдае дыпломы і сертыфікаты, дык гэта прыватныя асобы, якія дасягнулі пэўнага ўзроўню», — тлумачыць яна.
«Напэўна, астралогія найлепшым чынам адказала на мае пытанні, чаму ўсё адбываецца так, а не інакш. Гэта добры інструмент для даследавання і сябе, і падзей», — мяркуе даследчыца. Наталля дадае, што з астралогіяй можна «кансультавацца» нават наконт здароўя. «Звычайна людзей турбуе кар’ера, асабістае жыццё, уласны патэнцыял».
Давяраць прадказанням, што друкуюцца ў часопісах і газетах, Наталля не раіць — яны занадта агульныя.
Тое, што да астралогіі як да навукі ставяцца скептычна, гродзенку не бянтэжыць.
«Я вельмі спакойна гэта ўспрымаю. Скептычна ставяцца тыя, хто нават не ведае, што такое астралогія. Бо што ў нас людзі ведаюць пра яе, акрамя народных календароў? Гэтак жа можна сказаць, што і фізіка не навука, бо мы не бачым атамаў», — тлумачыць яна.
Сваю новую прафесію Наталля сумяшчае з працай гісторыка.
«Для мяне было вялікім здзіўленнем, што за мяжой абараняюцца працы па гісторыі астралогіі, прычым дастаткова даўно. Гэта лічыцца абсалютна нармальнай тэматыкай. Я знаходзіла ў архівах універсітэтаў Злучаных Штатаў такія дысертацыі, многія з іх філасофска-канцэптуальнага плану», — расказвае Наталля.
Па словах даследчыцы, у нас ёсць навуковыя працы, звязаныя з народнай астралогіяй. Але грунтоўных даследаванняў па гісторыі астралогіі ў Беларусі ніхто не праводзіў. Таму ёй будзе пра што пісаць.
«У рукапісах я сустракала астралагічныя згадкі, у дзённіках знакамітых асоб. Напрыклад, у медыка Мацея Ворбека Летава — дактары ў той час працавалі з астралогіяй, бо без яе было немагчыма вызначыць метады лячэння. Гараскопы трэба было ведаць і для хірургічных аперацый, і каб разумець, як пройдзе працэс выздараўлення. Ды і цяпер ёсць такі кірунак як медыцынская астралогія», — падсумоўвае даследчыца.