Спяшайцеся запісацца на першы ў Гродне курс па падрыхтоўцы да выхаду на пенсію. Запрашаюць жыхароў Гродна ва ўзросце вышэй за 50 год, якія яшчэ працуюць, але ў хуткім часе плануюць выйсці на пенсію. Удзел у курсе бясплатны.

— Пасля выхаду на пенсію многія людзі аказваюцца сам на сам з рэаліямі новага жыцця: пагаршэнне фінансавага дабрабыту (пенсія ў сярэднім складае каля 40% ад заробку), развітанне з працоўным калектывам часта суправаджаецца з’яўленнем праблем са здароўем, стратай блізкіх, адчуваннем адзіноты і непатрэбнасці. Самастойна справіцца з выклікамі новага жыцця зусім не проста, — расказваюць арганізатары.

У межах курса вы сплануеце сваю будучыню, пазнаёміцеся з рознымі варыянтамі арганізацыі дадатковай працоўнай занятасці, атрымання важных для жыцця ў сучасным грамадстве кампетэнцый, развіцця сваіх творчых здольнасцяў, працы на карысць грамадства. Вы даведаецеся пра «Універсітэт Залатога Веку», пра іншыя пляцоўкі, якія дапамогуць вам адчуваць сябе паўнавартасным і сучасным чалавекам.

Асобны блок заняткаў будзе прысвечаны таму, як эканоміць і рацыянальна выкарыстоўваць свае фінансы, куды іх можна ўкладаць, за кошт чаго можна мець дадатковыя да пенсіі прыходы.

Яшчэ адзін блок будзе прысвечаны псіхалагічнай падрыхтоўцы да выхаду на пенсію, чаго варта пазбягаць у сітуацыі выхаду на пенсію, якія эмацыйныя і псіхалагічныя змены могуць быць і як з імі спраўляцца і як пераарыентаваць сваё жыццё ў новых умовах.

Калі:

7 — 9 чэрвеня

Каго запрашаюць?

Жыхароў Гродна ва ўзросце вышэй за 50 год, якія яшчэ працуюць, але ў хуткім часе плануюць выйсці на пенсію.

Хто будзе праводзіць заняткі?

Эксперты, якія маюць вялікі досвед працы з людзьмі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, выкладання асноваў псіхалогіі, фінансавай і медыяграматнасці: Лана Руднік — заснавальніца і дырэктарка ўстановы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», Павел Джулай — псіхолаг, Ірына Мілоста — бізнэс-трэнерка, кансультантка па кіраванні асабістымі фінансамі.

Удзел у курсе бясплатны. Трэба запоўніць электронную анкету да 25 мая. Запісацца можна па тэлефоне + 375 33 634 10 41 альбо па электроннай пошце [email protected]

Хто арганізуе?

Установа «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый». Арганізацыя была створаная ў Гродне ў 2014 г. і штогод ладзіць адукацыйныя праграмы для жыхароў Гродна. Адной з такіх праграм з’яўляецца «Універсітэт Залатога Веку» для сталых людзей. Штогод каля 200 студэнтаў Універсітэта наведваюць заняткі больш як 50 курсаў і клубаў (замежныя мовы, кампутары і інтэрнэт, клуб падарожнікаў, псіхалогія, гісторыя, заняткі рознымі аздараўленчымі практыкамі і шмат чаго іншага).