Беларускі рэжысёр Арцём Лобач, які цяпер жыве ў Гродне, зняў кліп на форце № 1 Гродзенскай крэпасці. Дзяўчына танцуе фламенка на руінах форта, якія ў кліпе выглядаюць, як скалы.

«Наконец-то мне удалось снять клип в удивительной локации, которая есть „только в Гродно“. Ничего не мудрил в этот раз, все просто и красиво. Отдельное спасибо Tatiana Dedikova», — напісаў Арцём на сваёй старонцы ў facebook.

Арцём распавёў, што даўно ўжо планаваў нешта зняць у Гродне. Але хоць ён і пераехаў сюды з жонкай-мастачкай Ганнай, у Мінску арганізаваць здымкі прасцей, бо там яго больш ведаюць.

«Але ж я дзеля таго і пераехаў у Гродна, бо тут значна прыгажэй для мяне і зразумела, што мяне заўсёды цягнула тут здымаць».

Форт № 1, адзіны не зарослы дрэвамі, уразіў рэжысёра, і ён абраў яго адразу, калі атрымаў прапанову музыкі Паўла Еўтуха зняць кліп. З Паўлам, былым удзельнікам гурта «Мамкіны бусы», які жыве цяпер у Мінску, Арцём супрацоўнічае ўжо даўно, яго музыку ён выкарыстоўваў для некалькіх частак аднаго са сваіх дакументальных фільмаў. Танец для кліпа выконвала Таццяна Дзедзікава — прафесійная танцорка фламенка.

«У гэтым выпадку мы вырашылі не ўскладняць і пайшлі простым шляхам: прыгожая дзяўчына танчыць у прыгожай лакацыі. Але мне гэтага было мала, таму атрымалася, што два вобразы адной дзяўчыны, якія як бы спаборнічаюць. Гэтую думку можна працягваць у той бок, што чалавек неаднастайны, і часам мы любім адно і не прымаем другое, але ў выніку трэба зрабіць выбар і прыняць (ці не прыняць) чалавека цалкам», — патлумачыў Арцём.

Арцём Лобач — аўтар прома-відэа для такіх беларускіх праектаў, як «Нерастраляная паэзія», кінафестываля Bulbamovie, «Заспявай», некалькіх дакументальных фільмаў, прысвечаных традыцыйнай беларускай культуры і яе сучаснай інтарпрэтацыі. Сярод вядомых музычных кліпаў работы Арцёма Лобача — «Небяспечна» гурта Nizkiz, «Зніклыя людзі» Лявона Вольскага, «Асфальт» J: МОРС. Усе працы Арцёма можна паглядзець на Youtube.

11 гадоў таму Арцём зняў дакументальны фільм пра гродзенскі Новы Свет.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]