Рэстаран, гандлёва-адміністрацыйны цэнтр, хостэл або любы іншы аб’ект грамадскага прызначэння з’явіцца на вуліцах Вясновай і Пушкіна. Участкі пад мэтавае будаўніцтва для грамадскіх патрэб выставілі на адкрытыя таргі, піша vgr.by.
Гарадскія ўлады прапануюць узвесці 1−2-павярховы будынак грамадскага прызначэння на вуліцы Вясновай, ля ўезду на «Сцежку здароўя» ў Пышкі. Цяпер гэтае месца займае павільён «Калабкоў». Новая пабудова па плошчы будзе складаць ад 170 да 500 кв. метраў. Мінімальную суму за 14 сотак зямлі назвалі крыху больш за 81 тысячу рублёў.
Будынак з аналагічным прызначэннем з’явіцца і на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Дубко. Участак плошчай 24 соткі зойме пустку побач з абласным упраўленнем Дэпартамента аховы МУС. Тут прапануюць узвесці будынак мінімум на два паверхі і плошчай ад 800 кв. метраў. Пачатковы кошт ўчастка — 46 тыс. рублёў. Уладальніку давядзецца знесці фрагменты старога падмурка — ён застаўся ад папярэдніх гаспадароў, якія сваю будоўлю так і не скончылі.
Аўкцыён па продажы ўчасткаў пройдзе 21 траўня.