Аўтарэтраклуб «Вінтаж» 20 красавіка ў цэнтры Гродна прадставіў новы адрэстаўраваны аўтамабіль — мотавазок «Маргуноўку». Гэтая машына ў савецкія гады прызначалася для людзей з інваліднасцю і стала вядомай дзякуючы фільму «Аперацыя „Ы“, або Іншыя прыгоды Шурыка».

Аўтамабіль 1958 года аднаўлялі паўгода. Знайшлі яго на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства ў Аульсе. У Гродне ў савецкія гады такіх машын было ўсяго некалькі штук.

У Гродне прадставілі адноўленую "Маргуноўку"
Кіраўнік культурна-гістарычнага аўтарэтраклуба «Вінтаж» Сяргей Мукасей падчас аднаўлення аўтамабіля. Фота grodnonews.by
«У пасляваенныя гады ў вялікай краіне было шмат інвалідаў, якія засталіся без ног, і таму кіраўніцтвам было прынята рашэнне наладзіць выпуск мотакалясак для такіх грамадзян. Кіраванне ў такіх міні-аўтамабілях было цалкам ручное. Выдаваліся яны бясплатна», — распавядае кіраўнік культурна-гістарычнага аўтарэтраклуба «Вінтаж» Сяргей Мукасей. Сёння ў Гродне ўсяго адзін такі мотавазок, яго рэстаўрацыя пачыналася з поўнай разборкі і замены шматлікіх дэталяў. Аўтамабіль доўгія гады прастойваў у непрацоўным стане пад дрэвам.

«Машына сёння на хаду і для гэтага прыйшлося ўпарта папрацаваць на працягу некалькіх месяцаў. Яна была дзіравая наскрозь, пастараліся аднавіць усё роднае. Знайшлі новую гуму ў Польшчы, нам пашанцавала, што там выпускаюць такога ж памеру на бульбяныя капалкі. На пошук іншых неабходных запчастак сышло крыху больш за два месяцы. Сёння машына ў працоўным стане і можа разагнацца да 50 км/г», — дадаў Сяргей Мукасей.

Даведка

СМЗ С-ЗА — аўтамабіль-мотавазок на чатырох колах, які змяніў свайго трохколавага папярэдніка СМЗ С-1Л. Выпускалася машына ў Серпухаве на матацыклетным заводзе ў перыяд з 1958 па 1970 год. Пад капотам незвычайнага аўтамабіля знаходзіўся даволі маленькі матацыклетны рухавік ІЖ-49, магутнасць якога складала ўсяго 8 конскіх сіл. Ён дазваляў аўтамабілю развіваць максімальную хуткасць у 60 км/г. За 12 гадоў вытворчасці было выраблена больш за 200 тыс. экзэмпляраў. Пасля з’яўлення на тэлеэкранах СМЗ С-3А атрымаў народнае прызнанне і абзавёўся мянушкай «Маргуноўка». Справа ў тым, што аўтамабілем кіраваў вядомы савецкі акцёр Яўген Маргуноў у фільме «Аперацыя „Ы“, або Іншыя прыгоды Шурыка».

Двухмеснае аўто мела даўжыню ўсяго 2,6 метра, а шырыня яго дасягала 1,3 м. Вага заднепрываднога «вазка» — 425 кілаграмаў, а ёмістасць паліўнага бака — 12 літраў.

Плюсам матацыклетнага матора стала прастата канструкцыі. Паводле астатніх характарыстык аўто апынулася слаба прыдатным да эксплуатацыі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]