У сераду 17 красавіка на вуліцы Васілька гродзенскае ЖКГ дэмантавала пастамент, на якім стаяў бюст Чапаева. Такім чынам, помнік герою Грамадзянскай вайны ў Расіі не вернецца на сваё месца, ён адправіцца ў музей.
Бюст быў усталяваны ў Гродне ў 1960-х гадах. У лютым яго знялі з пастамента на рэканструкцыю. Паведамлялася, што аднаўленне помніка прымеркавана да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.
Жыхары горада актыўна абмяркоўвалі лёс помніка і магчымыя яму альтэрнатывы. Адна з прапаноў тычылася магчымасці замяніць Чапаева на паэта Міхася Васілька, імя якога носіць цяпер вуліца. 31 сакавіка стала вядома, што бюст Чапаева адправяць у музей. Горад падтрымаў прапанову пераносу помніка.
Чапаеў ніколі не быў ні ў Гродне, ні ў Беларусі. Па адной з версій, якую распавядаў краязнаўца Віктар Саяпін, бюст героя Грамадзянскай вайны ў Расіі трапіў у Гродне выпадкова: яго перадалі «ў нагрузку» разам з будаўнічымі матэрыяламі з украінскага камбіната.
У савецкі час у Гродне была вуліца Чапаева, але ў 1994 годзе яе перайменавалі ў гонар беларускага паэта Міхася Васілька, які жыў на ёй. Помнік Чапаеву пры тым заставаўся на вуліцы.