Убачыць гродзенскі лямус і спусціцца ў сутарэнні брыгіцкага касцёла змаглі наведвальнікі экскурсіі «Спадчына брыгітак» 13 красавіка. Разам з экскурсаводам Гражынай Шалкевіч экскурсію праводзіў ксёндз з храма Антоній Грэмза і гродзенка Тэрэза Белавусава.
«Касцёл і кляштар скончылі будаваць адначасова, — распавёў Антоні Грэмза. — Усяго будаўніцтва заняло 15 гадоў. Сам храм першапачаткова будаваўся родам Весялоўскіх як сямейная пахавальня. Яны планавалі быць пахаваныя тут і запрасілі манаскі ордэн брыгітак, каб тыя маліліся за памерлых».
Разам са святаром экскурсія спусцілася ў падвалы храма. Цяпер там знаходзіцца месца сходу іх абшчыны, а таксама карцінная галерэя з абразамі XVI — XVII стагоддзяў. Таксама ў падвалах захоўваюцца некаторыя асабістыя рэчы брыгітак і рэшткі бібліятэкі манастыра.
Па словах святара, гісторыя брыгіцкага архіва не вельмі радасная. «Калі манастыр зачынілі, тут была псіхлячэбніца. Будынак перараблялі, многія ўваходы былі замураваныя і створана мноства перагародак. І вось аднойчы, калі праводзіліся працы, быў знойдзены архіў брыгітак, іх бібліятэка, а таксама партрэты роду Весялоўскіх. Усё гэта было канфіскавана і перавезена ў Санкт-Пецярбург».
Наконт закрыцця манастыра ў экскурсавода таксама ёсць свая гісторыя: калі прыйшла расійская ўлада, то паўстала пытанне пра закрыццё каталіцкіх манастыроў. Але манастыр у Гродне пакінулі. Брыгіткам дазволілі прыняць у сябе сясцёр-законніц іншых ордэнаў. Пасля смерці апошняй брыгіткі манастыр аблюбавалі сёстры-назарэтанкі.
Асаблівасцю экскурсіі стала і наведванне старога лямуса. Некалькі гадоў ён быў зачынены на рэстаўрацыю і не прымаў турыстаў. Заходзіць унутр нельга і цяпер — там працягваюцца працы. Экскурсавод Гражына Шалкевіч падкрэслівае — праходзіць менавіта рэстаўрацыя, а не рэканструкцыя. Пры аднаўленні імкнуцца захаваць як мага больш арыгінальных элементаў першапачатковай пабудовы.
На сустрэчу з экскурсантамі прыйшла Тэрэза Белавусава. Дзіцём яна прыходзіла да манашак, якія жылі тут: «Тут быў цудоўны яблыневы сад, паўсюль былі высаджаны вяргіні і белыя лілеі - кветка-сімвал божай маці. Манашкі жылі ў лямусе. Іх клікалі Вікторыя і Вераніка. Яны мяне выхоўвалі. Заўсёды было вельмі прыгожа. Перад лесвіцай на другі паверх ляжаў дыванок, а ўнутры былі абразы і царкоўныя кнігі».
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…