Пра гэта стала вядома 10 красавіка пасля сустрэчы гісторыка Мечыслава Супрона і старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя. Такім спосабам гарадскія ўлады правераць, ці ёсць цікавасць у інвестараў і гараджан да драўлянай архітэктуры.
Апошнім часам пачасціліся выпадкі зносу драўляных дамоў у Гродне. У гарвыканкаме гэты працэс называюць ачысткай горада ад састарэлага і непрыдатнага жылля. Але сярод пабудоў, выбраных пад знос, ёсць і дамы, якія ўяўляюць каштоўнасць для гісторыі горада, лічаць гісторыкі. Гэтыя нежылыя аб’екты пустуюць ужо па некалькі гадоў.
[the_ad id="112 956"]
Гісторык Мечыслаў Супрон на асабістым прыёме ў старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя прапанаваў гарадскім уладам даць старым пабудовам апошні шанец. Гродзенца выслухалі. У бліжэйшы час драўляныя пабудовы, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць, будуць выстаўлены на аўкцыён. Такім чынам у гарвыканкаме хочуць праверыць, ці знойдуцца пакупнікі.
Больш за ўсё Супрона і іншых гісторыкаў горада хвалююць дамы на вуліцы Міцкевіча (раён Новага свету) і на вуліцы Асіпенкі (былая Настаўніцкая калонія).