У Альшанцы будуецца СШ № 41. Тут яна другая. СШ № 39 не дазваляла забяспечыць месцамі усіх дзяцей, якія жывуць у новым мікрараёне. Таму было вырашана ўзвесці тут яшчэ адну ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, піша «Гродзенская праўда».
У Беларусі сёння працуюць усяго дзве такія школы, у вобласці яна стане першай. Іх яшчэ называюць школамі-гігантамі: чатырохпавярховая навучальная ўстанова разлічана на 44 клас-камплекта, або 1100 дзяцей. Для параўнання, магутнасць 39-й школы — 33 клас-камплекта.
— Сёння ў мікрараёне Альшанка пражывае больш за 10 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў, у тым ліку 5184 школьніка. З іх 2150 дзяцей вучацца ва ўстановах адукацыі, размешчаных у іншых мікрараёнах, — распавёў начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Андрэй Семанчык. — Увядзенне ў эксплуатацыю СШ № 41 дазволіць цалкам закрыць патрэбнасць у школе менавіта ў Альшанцы, і рабяты змогуць атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю ва ўстанове, размешчанай у іх мікрараёне.
Навучацца ў новай школе ўжо выказалі жаданне 350 чалавек. Для многіх гэта вырашыць пытанне крокавай даступнасці навучальнай установы. Па правілах прыёму ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў першыя класы спачатку залічваюцца дзеці, якія жывуць на замацаваных вуліцах. Пры наяўнасці свабодных месцаў могуць прымацца дзеці з іншых мікрараёнаў.
Цяпер фарміруецца педагагічны калектыў будучай навучальнай установы. У школе будуць класныя аўдыторыі, накшталт універсітэцкіх, а таксама гімнастычная зала. Басейн, футбольнае поле са штучным пакрыццём, спартыўная зала, пляцоўкі для спартыўных гульняў - усім гэтым змогуць карыстацца не толькі вучні, але і дарослыя жыхары мікрараёна. На яе базе будуць працаваць філіялы спартыўных школ, музычных і мастацкіх, што значна пашырае магчымасці для дадатковай адукацыі вучняў.