З 2019 года ў ГрДУ пачнуць рыхтаваць фізікаў-праграмістаў, адновяць падрыхтоўку археолагаў і павялічаць набор на IT-спецыяльнасці, паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
“Камп’ютарная фізіка»
Упершыню ў гэтым годзе на фізіка-тэхнічным факультэце будзе аб’яўлены набор на спецыяльнасць “Камп’ютарная фізіка». Пасля чатырох гадоў навучання выпускнік атрымае кваліфікацыю «Фізік. Праграміст». Адрозненнем новай спецыяльнасці будзе фундаментальная падрыхтоўка па агульнай і тэарэтычнай фізіцы, а таксама вывучэнне электронікі, мікрапрацэсарнай тэхнікі, аўтаматызацыі і робататэхнікі. Гэта дасць магчымасць працаваць не толькі ў IT-кампаніях, але і на сучасных высокатэхналагічных вытворчасцях.
Трэба здаць:
- ЦТ па беларускай / рускай мове;
- ЦТ па фізіцы;
- ЦТ па матэматыцы.
«Гісторыя (археалогія)»
Акрамя таго, у 2019 адновяць набор на спецыяльнасць “Гісторыя (археалогія)” на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, якая дае прафесію гісторыка-археолага і выкладчыка гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Выпускнік атрымае кваліфікацыю “Гісторык-археолаг. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”.
Трэба здаць:
- ЦТ па беларускай / рускай мове;
- ЦТ па гісторыі Беларусі;
- ЦТ па сусветнай гісторыі (найноўшы час).
«Камерцыйная дзейнасць» – завочнае (скарочаная)
На факультэце эканомікі і кіравання адноўлены набор на завочнае скарочанае навучанне па спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць», пасля заканчэння якога выпускнік атрымае кваліфікацыю “Эканаміст”.
Трэба:
- мець профільную сярэднеспецыяльную адукацыю;
- здаць два пісьмовыя іспыты ва ўніверсітэце: па эканоміцы арганізацыі і асновам менеджменту.
«Транспартная лагістыка» – завочнае (скарочаная)
У 2019 у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ўпершыню будуць набіраць студэнтаў для навучання на завочнай (скарочанай) форме па спецыяльнасці “Транспартная лагістыка” па кірунку “Аўтамабільны транспарт” на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Выпускнік атрымае кваліфікацыю “Інжынер-эканаміст. Лагіст”.
Трэба:
- мець профільную сярэднеспецыяльную адукацыю;
- здаць пісьмовыя іспыты па эканоміцы арганізацыі і асновам менеджменту ва ўніверсітэце.
“Рамана-германская філалогія (нямецкая)»
У 2019 абітурыенты, якія паступаюць на філалагічны факультэт па спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія (нямецкая)» змогуць прадаставіць на выбар сертыфікат ЦТ па замежных мовах.
Трэба здаць:
- ЦТ па нямецкай / англійскай мове;
- ЦТ па беларускай / рускай мове;
- ЦТ па гісторыі Беларусі.
«Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый»
Падобныя новаўвядзенні чакаюць і тых, хто паступае на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму на спецыяльнасць «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» па кірунку «Знешнеэканамічныя сувязі». Ахвотным можна падаць сертыфікат па англійскай або кітайскай мове на выбар.
Трэба здаць:
- ЦТ па англійскай / кітайскай мове;
- ЦТ па беларускай / рускай мове;
- ЦТ па гісторыі Беларусі.
Прыёмная кампанія на бюджэтную форму адукацыі ў 2019 годзе пройдзе з 12 ліпеня па 17 ліпеня. Падаць дакументы на платную форму навучання можна да 4 жніўня. Агулам у гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы на першую ступень вышэйшай адукацыі будзе набор па 50 спецыяльнасцях. За кошт бюджэту плануецца прыняць 1048 чалавек, на платную форму навучання – 1285. Сярод спецыяльнасцяў, на якія павялічаны набор – “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у эканоміцы)”, “Электронны маркетынг”, “Камп’ютарная бяспека”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”.


