Пра  новы праект расказаў у сацыяльных сетках Яўген Калодзін, кіраўнік асацыяцыі іўдзейска-хрысціянскага дыялогу  ShOMER – International. У межах праекта “Яўрэі – салдаты Другой сусветнай вайны” пройдуць фотавыстава, паказы фільмаў, семінары і “урокі Халакосту”.

“У гісторыі Другой сусветнай вайны тэма габрэяў розных краін шырока разгледжана ў кантэксце Халакоста,  – піша Яўген. – Аднак габрэі былі не толькі аб’ектам вынішчэння, якое праводзіла нацысцкая Германіяй і яе саюзнікі, але і актыўнымі ўдзельнікамі, якія паўплывалі на ход і вынік вайны. Асаблівасць барацьбы супраць нацыстаў для габрэяў складалася ў тым, што яны змагаліся не за тую ці іншую палітычную ідэалогію, а за жыццё, супраць уласнага татальнага знішчэння”.

На выставе прадстаўлены гісторыі васьмі ўдзельнікаў вайны. Усе яны жылі  ў Гродне ў пасляваенны час, а Ліза Чапнік і Хайкель Паес нарадзіліся тут. Больш падрабязна пра іх ваенны лёс раскажа фільм, матэрыялы для якога сабраў Бенджамін Ерузалім, кіраўнік і заснавальнік музея  пры сінагозе. Героямі выставы і фільма сталі  Барыс Рубінштэйн, (1922), Барыс Берман, (1921), Ліза Чапнік, (1922),  Хайкель Паес, (1922), Ружа Фейгіна (1918), Абрам Турэўскі, (1923), Леў Сула, (1911), Рыгор Абялеўскі, (1925).

Мерапрыемствы праекта пройдуць у навучальных установах горада і у сінагозе. Да гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета праект прадставяць таксама  у консульстве Польшчы.

 

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]