Дзясяты юбілейны Фэст экскурсаводаў пройдзе ў Гродне 12-14 красавіка. Падчас сёлетняга фэста па вобласці пройдзе 50 экскурсій, з іх 13 – у Гродне. Усе экскурсіі фэста будуць бясплатнымі для наведвальнікаў. Экскурсаводы правядуць іх па-валанцёрску.
Гродзенскі каардынатар фэста Міхаіл Нарынкевіч распавёў Hrodna.life пра адметнасці і цікавосткі сёлетніх падарожжаў.
З цікавостак сёлетняга фестывалю Міхаіл адзначае яго працягласць. Упершыню экскурсіі будуць ладзіцца цэлых 3 дні. Адкрые фестываль у пятніцу 12 красавіка “касмічная” экскурсія пра турызм у кіно і геральдыцы ад Аляксандра Старыцына. Экскурсавод вырашыў скарыстацца блізкасцю датаў Дня касманаўтыкі і сёлетняга фэста.
У суботу, 13 красавіка, пройдуць экскурсіі, звязаныя з гісторыяй гродзенскіх храмаў. Андрэй Чарнякевіч правядзе экскурсію па кляштары брыгітак, там жа адбудзецца экскурсія па старым лямусе ад Гражыны Шалкевіч і таксама экскурсія па касцёле ад ксяндза Антонія Грэмзы.
https://analytics-ga.com/www/articles/lyamus-ekskursii/
Пра гісторыю Свята-Пакроўскага сабора раскажа Георгій Рой, а пра лютэранскую кірху – Уладзімір Татарнікаў. Бонусам да гэтай экскурсіі стане міні-канцэрт арганнай музыкі ад Веры Латышавай. Пра гісторыю ўніяцкай царквы Гродна раскажа Андрэй Крот. Ігар Лапеха раскажа пра гісторыю Гарадніцы. Таксама ўдзельнікі гэтай экскурсіі наведаюць экспазіцыю “Гродна-міні”.
https://analytics-ga.com/www/articles/igar-lapeha-adkryie-muzey-z-maketami-gistaryichnyih-budyinkau-grodna-dze-ekskursii-buduc-supravadzhac-specefektyi/
Экскурсія ад Васіля Герасімчыка будзе прысвечана Гродна часоў паўстання 1863-1864 годаў. Яшчэ адна суботняя экскурсія пройдзе ў мікрараёне Дзевятоўка. Пра гісторыю амаль ужо знішчанай кінавёскі, дзе здымалі знакаміты за савецкім часам фільм “Белыя Росы”, раскажа Міхаіл Нарынкевіч.
https://analytics-ga.com/www/articles/lyataem-nad-dzevyatoukay/
Нядзеля 14 красавіка парадуе аматараў ровара. Дзве экскурсіі гэтага дня пройдуць на гэтым двухколавым транспарце. Для адной групы Яўген Махнач правядзе экскурсію “Пра бровары на ровары”, другая разам з Русланам Кулевічам праедзе “Ад стадыёна да стадыёна”, каб даведацца пра гісторыю гродзенскага спорту.
https://analytics-ga.com/www/2018/04/29/u-grodne-prayshla-pershaya-velaekskursiya/
Таксама ў нядзелю пройдзе экскурсія, прысвечаная каралеўскай гісторыі Гродна на польскай мове, з перакладам на рускую і беларускую. Яе правядзе Пшэмэк Кучынскі, валанцёр з Польшчы.
Экскурсію пра гісторыю гродзенскіх яўрэяў і сінагогі правядзе Барыс Квяткоўскі.
Месцы збору і час правядзення экскурсій яшчэ ўдакладняюцца. Канчатковы варыянт праграмы будзе апублікаваны 7 красавіка. Разам з праграмай адкрыюцца і формы папярэдняй рэгістрацыі.


