Як будуць дапамагаць уцекачам, мігрантам і уразлівым групам людзейСупрацоўніцтва па многіх напрамках абмеркавалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур на сустрэчы, якая адбылася 29 сакавіка ў Гродне.
Як бібліятэка з Гродна будзе супрацоўнічаць з ЗША
У першы дзень свайго афіцыйнага візіту ў Гродна Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур прыняла ўдзел у адкрыцці “Тыдня амерыканскай кнігі” у аддзеле замежнай літаратуры Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі. Яна таксама расказала пра свой родны горад Атланту наведвальнікам цэнтра “Усё пра ЗША”. Перад гэтым, у час экскурсіі па галоўным будынку бібліятэкі Павераная Мур чарговы раз падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва паміж амбасадай ЗША і бібліятэкай, а таксама расказала пра дадатковую фінансавую падтрымку для цэнтра “Усё пра ЗША” у Гродна ў 2019 годзе.

“Многія амерыканскія кампаніі хочуць інвеставаць у беларускія IT-кампаніі”
– У ЗША ведаюць, што ў Беларусі ёсць шмат маладых, таленавітых людзей, якія атрымалі добрую адукацыю. І яны вельмі канкурэнтаздольныя як спецыялісты на сусветным рынку інфармацыйных тэхналогій. Таму шматлікія амерыканскія кампаніі хочуць інвеставаць у беларускія IT-кампаніі, – распавяла Джэніфер Мур. – Акрамя таго, урадам ЗША распрацавана праграма па падтрымцы стартапаў, паведамляе “Перспектыва”.
На 50% павялічылася колькасць амерыканцаў, якія наведалі Беларусь
Яна таксама падкрэсліла прывабнасць Беларусі з турыстычнага пункту гледжання. Велізарны плюс – магчымасць бязвізавага ўезду для турыстаў з многіх краін. Дзякуючы гэтаму на 50% павялічылася колькасць амерыканцаў, якія наведалі Беларусь.
– Многія выхадцы з нашай краіны, і Гродзеншчыны ў прыватнасці, жывуць у ЗША. У нас ёсць шмат цікавых месцаў, якія ім, верагодна, было б цікава наведаць, – адзначыў Уладзімір Краўцоў. – Да таго ж у свеце ўсё большую папулярнасць набірае настальгічны турызм.

Характэрна, што ЗША рэалізуе праект па развіцці экатурызму ў Беларусі. На гэтыя мэты ўжо было выдзелена больш за 250 тысяч долараў.
– Прыемна назіраць пазітыўныя вынікі гэтай дзейнасці, – падзялілася Джэніфер Мур. – Нядаўна бачыла артыкул у расійскай версіі часопіса «National Geographic». Згодна з ёй, Беларусь – на першым месцы ў рэйтынгу краін для экатурызму.
Эканамічныя сувязі не вельмi моцныя
Паводле слоў губернатара вобласці, у нашага рэгіёну і ЗША пакуль не вельмі моцныя эканамічныя сувязі. Так, аб’ём знешняга гандлю за мінулы год склаў 29,2 мільёна долараў, з якіх экспарт – 13,2 мільёна, імпарт – 16,1. У асноўным за мяжу пастаўляюцца азотныя ўгнаенні, прылады на вадкіх крышталях, біноклі і монакуляры. Адтуль жа ўвозяцца, да прыкладу, штучныя ніткі, маніторы і праектары, медыцынскія прыборы. Дарэчы, на тэрыторыі рэгіёну працуюць 11 арганізацый з удзелам амерыканскага капіталу. Адно з найбольш тэхналагічных – «Белтэкс Оптык» па выпуску аптычных прыбораў, у прыватнасці, бінокляў.
– Мы імкнемся асвойваць амерыканскі рынак, прадстаўляць на ім беларускія тавары, – падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. – Ужо ёсць пэўныя вынікі ў гэтым напрамку, на якіх не плануем спыняцца.
“Абмеркавалі паспяховае і мірнае правядзенне мерапрыемстваў з нагоды 25 сакавіка ў Гродна”
Амбасада ЗША ў Беларусі паведамляе, што Павераная ў справах ЗША Джэнiфер Мур мела вельмі прадуктыўную сустрэчу з губернатарам Уладзімірам Краўцовым і супрацоўнікамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. “Бакi абмеркавалі паспяховае і мірнае правядзенне мерапрыемстваў з нагоды 25 сакавіка ў Гродна, а таксама важнасць працягу супрацоўніцтва з мясцовымі грамадзянскімі арганізацыямі. Гэтыя арганізацыі робяць важныя рэчы для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці, суверэнітэту і незалежнасці”, – паведамляюць у амбасадзе.
Як будуць дапамагаць бежанцам, мігрантам і ўразлівым групам людзей
Разам з калегамі з Чырвонага крыжа, УВКБ ААН і прадстаўнікамі мясцовых уладаў на афіцыйным адкрыцці ўстановы, дзе будуць дапамагаць бежанцам, вымушаным мігрантам і іншым уразлівым групам людзей, якія падвяргаюцца сэксуальнаму і гендарнаму гвалту.

“Мы працягнем падтрымліваць пашырэнне магчымасцяў для рэінтэграцыі і дапамогі асобам з груп рызыкі і застаемся ўпэўненыя, што разнастайнасць і інклюзіўнасць з’яўляюцца фундаментальнай асновай паспяховага развіцця любога грамадства. “, – кажуць у амбасадзе.


