Група амерыканскіх хасідаў пабывала ў Гродне 25 сакавіка. Яны прыязджалі памаліцца на магіле габрэйскага праведніка Аляксандра Зіскінда, які памёр 225 гадоў таму.

«Праведнік Аляксандр Зіскінд памёр у Гродне ў 1794 годзе. Ён напісаў знакамітую кнігу „Есод вешорэш аавода“, — распавядае гродзенскі рабін Іцхак Кофман. — Ён напісаў гэтую працу ў родным горадзе і яе вывучаюць да гэтага часу многія габрэі».

Равін распавядае, што праведнік быў пахаваны на могілках, дзе сёння знаходзіцца стадыён «Нёман». Але пасля таго, як іх разбурылі ў канцы 1950-х гг., на захаваных Занёманскіх могілках зрабілі сімвалічную магілу. Туды прыязджаюць паломнікі з усяго свету.


Выбралі найлепшы варыянт: як вырашылася пытанне доступу на габрэйскія могілкі ў Гродне


«Сёння на магілу Зіскінда прыязджала шмат людзей. Некаторыя з хасідаў ехалі спачатку да стадыёна, дзе сёння вісіць мемарыяльная шыльда, а потым ужо ехалі на Занёманскія могілкі», — дадаў гродзенскі рабін.

225-я гадавіна: хасіды з Нью-Ёрка прыязджалі ў Гродна маліцца на магіле праведніка
Пасля Гродна некаторыя паломнікі адправіліся ў Радунь — адзін з галоўных цэнтраў яўрэйскага рэлігійнага турызму ў Беларусі. Там пахаваны знакаміты праведнік Хофец Хаім.

Даведка

Могілкі на Занёманскім Фарштаце былі заснаваныя ў 18 ст. для габрэйскай абшчыны гэтай часткі горада. Гэта адзіныя габрэйскія могілкі, якія захаваліся ў Гродне да нашых дзён. Сёння там можна ўбачыць больш за 2000 надмагілляў-мацэваў (некаторыя цяжка распазнаць, таму што яны з цягам часу сышлі ў зямлю). Надпісы на камянях збольшага на іўрыце, але ёсць і на ідышы. На гэтых могілках пахаваны равін Аляксандр Зіскінда, які памёр у 5554 (1794) годзе. У 1990-я гг. на яго магіле быў усталяваны помнік.

Перад смерцю равін наказаў на адлегласці ста метраў ад сваёй магілы не хаваць нікога, акрамя праведнікаў. Там заўсёды было вольнае месца. Па гэтай прыкмеце і адшукалі ў нашы дні тое месца, дзе ён нібыта знайшоў апошні прытулак. Са слоў Іцхака Кофмана, насамрэч на Занёманскіх могілках была зроблена толькі сімвалічная магіла праведніка.

225-я гадавіна: хасіды з Нью-Ёрка прыязджалі ў Гродна маліцца на магіле праведніка
Англійскія школьнікі моляцца на магіле праведніка Аляксандра Зіскінда, 2017 г
Аляксандр Зіскінд жыў у Гродне ў другой палове 18 стагоддзя. Ён цалкам прысвяціў сваё жыццё вывучэнню Торы і малітве. На працягу многіх гадоў ён практычна не пакідаў свайго дома.

Праведнік напісаў кнігу «Есод вешорэш аавода» (Аснова і корань служэння), якая стала своеасаблівым кодэксам маральных паводзін і кіраўніцтвам да дасканалага выканання запаведзяў. Упершыню кніга выйшла ў свет ў 1782 годзе. Зіскінд асабліва падкрэсліваў значэнне трох фундаментальных асноў, на якіх будуецца служэнне Стваральніку: кавана — душэўны настрой і канцэнтрацыя на выконваемай запаведзі, сімха — радасць, якую адчуваеш ад магчымасці выконваць запаведзь, і ітлаавут — натхненне і духоўнае абуджэнне, выкліканае яе выкананнем.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]