У раёне пасёлка Берагавы побач з былым пастом ДАІ пачаліся дарожныя работы па аднаўленні павароту з М6 у бок Верцялішак, піша «Вячэрні Гродна».
Нагадаем, частку Скідзельскай шашы ад трасы М6 адрэзалі ў 2016 годзе. Тады каля Берагавога ўсталявалі адбойнік, а жыхарам забаранілі ездзіць налева.Па гэтым участку дарогі людзі дабіраліся пешшу на аўтобусны прыпынак у раён Аульс. Прабірацца на «машэраўскую» дарогу трэба было ў гразі, таму пасля скаргаў людзей тут выклалі асфальтавую дарожку.
Цяпер на ўчастку даўжынёй каля 60 метраў ўсталявалі разметку калкамі і насыпалі пласт грунту.
Па гэтай дарозе жыхары мястэчка змогуць самым кароткім шляхам дабірацца да Верцялішак — цэнтра сельсавета. Туды людзі возяць дзяцей у сад і школу. Шлях у адзін бок зойме каля шасці кіламетраў, тады як па іншых дарогах адлегласць павялічваецца ў два разы.