Два гады таму ў Дзень канстытуцыі 15 сакавіка ў цэнтры Гродна прайшла акцыя пратэсту. Каля 800 гродзенцаў выказалі сваю незадаволенасць уладам у сувязі з прыняццем «закона аб дармаедах».
Акцыя пратэсту не была дазволена ўладамі, арганізатары былі затрыманыя напярэдадні акцыі. Іх асудзілі на 13−15 сутак, іншыя актывісты атрымалі штрафы. У выніку было асуджана 12 чалавек.
Нягледзячы на адсутнасць лідараў, у парк Жылібера 15 сакавіка прыйшло некалькі сотняў чалавек. Пратэстоўцы адправіліся на плошчу Леніна да будынка гарвыканкама, там да іх далучыліся яшчэ людзі.
На плошчы Леніна да пратэстоўцаў для дыялогу выйшлі прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама і запрасілі зацікаўленых у актавую залу. Некалькі чалавек пайшлі ў гарвыканкам, астатнія засталіся на плошчы, але неўзабаве разышліся. Пасля акцыі былі затрыманыя некалькі чалавек.