Незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі 3 сакавіка ў падворку ля Генконсульства на Будзёнага зладзіў сваё святкаванне кірмашу «Казюкі». Сёлета «Казюкі» ўпершыню за доўгі час прайшлі не ў памяшканні, а на адкрытай пляцоўцы.
Афіцыйны рамесны кірмаш быў арганізаваны ў цэнтры горада мясцовымі ўладамі. Свята на Будзёнага — альтэрнатыўная прапанова ад Саюза палякаў у Беларусі, які непрызнаны ўладамі.
На кірмашы можна было набыць вырабы з гліны, лазы, саломы, металу ці хлеб з вясковай печы. Анжаліка Борыс, старшыня Саюза палякаў, расказала Польскаму радыё, што кожны рэгіён Беларусі, дзе пражывае польская меншасць, прадстаўлены на Казюках. «У гэтым годзе ў нас ёсць больш за 400 удзельнікаў. Шмат аддзелаў СПБ заангажаваліся, каб прадставіць народныя рамёствы, або проста прыняць удзел», — кажа Анжаліка Борыс.
Польскі генеральны консул у Гродне Яраслаў Ксёнжак даўно аказвае падтрымку арганізацыі Казюкоў. «Мы хочам бачыць у Казюках глыбокую, прыгожую польскую традыцыю былой Рэчы Паспалітайі, а таксама магчымасць паказаць людзям свае шматлікія мастацка-рамесныя таленты. Гэта вельмі важна», — сказаў консул.