Пра гэта ўвечары 1 сакавіка на сваёй старонцы ў facebook паведаміў краязнаўца Алесь Госцеў. Аляксей Дземідовіч працаваў на Гродзенскім радыё, быў адным са стваральнікаў музея Васіля Быкава ў Гродне.

— Пайшоў у Вечнасць цудоўны, светлы чалавек, цікавы беларускі паэт, таленавіты журналіст, апошні кіраўнік музея Васіля Быкава ў Гародні. Аляксей Сідаравіч адносіўся да пакалення «дзяцей вайны» і ўсё свае сумленнае жыццё высока нёс харугву Працавітасці і Творчага пачатку. Прафесійны журналіст, ён шмат гадоў працаваў на Гродзенскім радыё, а апошнія свае пятнаццаць гадоў прысвяціў справе грамадскага музея Васіля Быкава ў Гародні. І я, як сябра Рады гэтага музея шэраг гадоў меў шчаслівую магчымасць працаваць з ім разам. Так сталася, што і грамадскі музей Васіля Быкава ў Гародні, і яго апошні кіраўнік скончылі свой жыццёвы шлях амаль адначасова. Светлая памяць аб Аляксеі Сідаравічы назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, — распавёў Алесь Госцеў.

[irp posts="105 738″ name="Музей Быкова закрылся: экспозиция переезжает в музей Богдановича"]

Музей Васіля Быкава стаў для сталага журналіста сапраўднаю справаю жыцця, але ў апошнія гады за стану свайго здароўя ён займаўся ім менш.

Апошняе інтэрв'ю з Аляксеям Сідаравічам мы рабілі ў 2017 годзе, тады ён распавядаў, што музеем моладзь не цікавіцца, а гарадскія ўлады амаль не дапамагаюць. Ужо тады журналіст казаў, што музей пераедзе. У выніку ў лютым 2019 года музей Васіля Быкава пераехаў у дом-музей Максіма Багдановіча.

Пайшоў з жыцця журналіст Аляксей Дземідовіч


Рэдакцыя Hrodna.life выказвае спачуванні родным і блізкім Аляксея Дземідовіча.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]