У перадапошні дзень зімы ў Гродне выступіў знакаміты бард Віктар Шалкевіч. Ён прэзентаваў падвойны альбом «Viktar Šalkievič», які выйшаў да 60-гадовага юбілею артыста і падсумоўвае пэўны этап яго творчасці.
Альбом складзены з двух кружэлак: «Такая доўгая зіма» і «Балады. Найлепшае». На дыску «Такая доўгая зіма» 9 твораў, якія суправаджае шчыры аўтарскі маналог. У другі дыск альбому, «Балады. Найлепшае», увайшлі 14 хітоў Віктара Шалкевіча ад «Шалёнай» да «Правінцыі» і «Смутнага беларускага блюзу». Альбом «Viktar Šalkievič» выдадзены пры падтрымцы гродзенскага Цэнтру гарадскога жыцця. Фундатарамі выдання сталі гродзенскія сябры барда.
Дарэчы, атрымаць дыск можна, ахвяраваўшы сродкі Hrodna.life праз краудфандынг. Таксама вы атрымаеце фірмовы кубак, нататнік і брэлок.
Віктар Шалкевіч — бард і актор, таму яго выступы падобныя на тэатральнае прадстаўленне. Паміж песнямі Віктар расказвае кіпу гісторый — пра песні, выпадкі на канцэртах, жанчын. І абавязкова — пра любімы Гродна. Вясёлыя песні чаргуюцца з сумнымі, і 200 чалавек то не могуць прыхаваць усмешкі, то сядзяць задуменна.
Разам з Шалкевічам выступіў Анатолій Кандыба — музыкант і кампазітар, загадчык музыкальнай часткі ў Гродзенскім драмтэатры.
«Гэта голас Гародні». Гродзенцы расказалі, што для іх значыць Шалкевіч
Канцэрт ішоў паўтары гадзіны. Пасля музыканта абступілі прыхільнікі і сябры. Кожны хацеў павіншаваць, паціснуць руку, уручыць падарунак. А ў канцы сакавіка Шалкевіч плануе даць канцэрт у Гродне ў межах тура на большай пляцоўцы і ў большым складзе. Сачыце за абвесткамі!