У сацыяльных сетках запусцілі акцыю па куплі прадуктаў у сваю тару. Для таго каб прыняць удзел, дастаткова ў любой краме папрасіць спакаваць прадукты ў свой кантэйнер і расказаць пра гэты вопыт у сацыяльных сетках з хэштэгам #myBoxChallenge, піша ecoidea.by.
Акцыя праходзіць з 12 па 28 лютага 2019 года, ўдзельнічаць можна неабмежаваную колькасць разоў. 1 сакавіка 2019 арганізатары выпадковым чынам абяруць тры гісторыі, аўтары або аўтаркі якіх атрымаюць невялікія экалагічныя падарункі. Самыя цікавыя гісторыі будуць апублікаваныя ў спецыяльным матэрыяле на Ecoidea.by.
www.instagram.com/p/Btxfy27Hglu/
Чэлендж закліканы матываваць спажыўцоў адмаўляцца ад аднаразовай упакоўкі, якая складае большую частку пластыкавых адходаў і не перапрацоўваецца ў Беларусі. Больш за тое, на думку арганізатараў акцыі, важна распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што ў беларускім заканадаўстве няма прамой забароны на ўпакоўку прадукцыі ў тару пакупніка. На жаль, пра гэта не ведаюць не толькі многія з нас, але і прадстаўнікі гандлёвых сетак.
— Калі кантэйнер выраблены з матэрыялаў, дазволеных для харчовых прадуктаў, і не мае бачных пашкоджанняў і забруджванняў, няма заканадаўчай забароны на тое, каб спакаваць тавар у тару пакупніка, — каментуе спецыялістка па адходах і хімічнай бяспекі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.
Цэнтр экалагічных рашэнняў спытаўся ў Міністэрства аховы здароўя пра законнасць выкарыстання ўласнай упакоўкі харчовых прадуктаў у аддзелах кулінарыі ў крамах, і атрымаў наступны адказ:
«Згодна з пунктамі 66 і 67 санітарных норм і правілаў „Санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для аб’ектаў грамадскага харчавання“, посуд, які выкарыстоўваецца ў арганізацыі, павінен быць выраблены з матэрыялаў, дазволеных для прымянення пры кантакце з прадуктамі харчавання; паверхні посуду павінны мець гладкую паверхню, без шчылін, дэфектаў, зазораў,
выступаючых балтоў або заклёпванняў і іншых элементаў, якія ускладняюць санітарную апрацоўку. Не дапускаецца выкарыстанне ў арганізацыі ёмістасцяў, посуду з пашкоджаным пакрыццём, адбітымі бакамі, дэфармаваных, з расколінамі і іншымі дэфектамі. Іншых санітарна-гігіенічных і эпідэміялагічных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да посуду для напояў і ежы ў аб’ектах грамадскага харчавання няма».
Прадукты на вагу ў іншых аддзелах крамы (акрамя кулінарыі) пакупнік таксама мае права спакаваць у сваю тару, пры ўмове, што яна чыстая і прызначана для харчовага выкарыстання. Згодна з п. 180 «Санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў для арганізацый, якія ажыццяўляюць гандаль харчовай прадукцыяй», забараняецца аддаваць харчовую прадукцыю ў брудную тару пакупніка і макулатуру друку.
Тым не менш, некаторыя гандлёвыя сеткі адмаўляюцца пакаваць тавар у тару пакупніка, спасылаючыся на заканадаўства ці ўнутраныя правілы. У гэтым выпадку пакупнік мае права пакінуць сваю прапанову ў «Кнізе водгукаў і прапаноў» або адправіць электронны ліст з просьбай перагледзець інструкцыі супрацоўнікаў у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, звярнуць увагу на адсутнасць забароны на заканадаўчым узроўні.
Тут можна знайсці прыклад паспяховага электроннага звароту ў адну з гандлёвых сетак, на які быў атрыманы станоўчы адказ, які пацвярджае, што «ў якасці ўласнай тары спажыўца можа выкарыстоўвацца тара, прызначаная для шматразовага прымянення».
Якія аргументы можна выкарыстоўваць пры куплі прадуктаў у свой кантэйнер?
1. У беларускім заканадаўстве няма прамой забароны на выкарыстанне тары пакупніка (пункты 66 і 67 «Санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў для аб’ектаў грамадскага харчавання» для кулінарыі і пункт 180 «Санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў для арганізацый, якія ажыццяўляюць гандаль харчовай прадукцыяй»).
2. Фасовачныя пакеты і ўпаковачныя кантэйнеры для ежы не перапрацоўваюцца ў Беларусі. Па статыстыцы, 96 адсоткаў пластыкавай ўпакоўкі аказваецца на сметніку ў першы год свайго жыцця. Гэта супярэчыць прынятай Канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года, у якой прадухіленне стварэння адходаў заяўлена як прыярытэт.
3. Пластыкавая ўпакоўка, якая прапануецца ў краме, не прызначана для разагрэву ў ёй ежы. Як правіла, шматразовыя кантэйнеры зроблены з больш ўстойлівага і тоўстага матэрыялу, прыдатнага для разагрэву.
4. «Я вяду экалагічна сяброўскі лад жыцця, і выкарыстанне аднаразовай пластыкавай упакоўкі супярэчыць маім каштоўнасцям».
5. «Я ўпэўнены (-а) ў якасці і чысціні сваёй тары і нясу за гэта поўную адказнасьць».