Указ №222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” плануецца адкарэктаваць. Пра гэта ў праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, паведамляе БЕЛТА.

– Мы цяпер аналізуем практыку прымянення ўказа №222. Ёсць думкі гэты дакумент падкарэктаваць, некаторыя нормы сваю актуальнасць страцілі, – адзначыў ён. Да прыкладу, усім вядомыя чэкі, калі тавар прывозіцца з Расійскай Федэрацыі. Неабходнасць наяўнасці чэкаў выклікае нараканні ў прадпрымальнікаў. – Мы з Міністэрствам па падатках і зборах зробім агульны парадак. Ёсць таварна-транспартныя накладныя і іншыя дакументы, якіх цалкам дастаткова, каб правяраць легальнасць ўвозу таго ці іншага тавару на тэрыторыю нашай краіны, – удакладніў першы віцэ-прэм’ер.

Гаворачы аб магчымых тэрмінах ўнясення змяненняў у гэты дакумент, Аляксандр Турчын дадаў, што ў планах завяршыць гэтую працу ў першым паўгоддзі 2019 года, заўважыўшы пры гэтым, што “урэгулюем гэтае пытанне, параіўшыся з нашымі бізнесменамі”.

У адпаведнасці з указам №222 ІП, якія займаюцца рознічным гандлем таварамі лёгкай прамысловасці, павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавару на тэрыторыі дзяржавы – члена ЕАЭС за наяўны разлік, якія адпавядаюць патрабаванням краіны-контрагента.