Чытач Hrodna.life Ігар Субоцін распавёў, як 19 лютага разам з мамай ратаваў ручную вавёрку ў Румлёўскім парку. У вавёркі былі перабітыя лапкі. Мужчына лічыць, што звярок пацярпеў ад рук чалавека.

Ужо некалькі гадоў у Румлёўскім парку жывуць вавёркі, якія зусім не палахлівыя. Яны з цікаўнасцю падыходзяць да людзей,
выпрошваюць ежу і нават ідуць на рукі. Палюбавацца звяркамі прыходзяць жыхары бліжэйшых мікрараёнаў. 19 лютага адна з ручных вавёрак ляжала на зямлі з перабітымі лапкамі.

«Параненую вавёрку заўважылі жанчыны, якія гулялі па парку, — распавядае Ігар Субоцін. — Мая мама праходзіла побач і ёй быў неабыякавы лёс маленькага жыхара нашага лесу. Яна забрала яе дадому, вавёрка была ў крыві. Мы завезлі звярка ў заапарк, дзе яго перадалі ветэрынарам».

Вінаватыя людзі? У Румлёўскім парку выратавалі вавёрку з перабітымі лапкамі
Вавёрка, якую Ігар Субоцін завёз у заапарк
Ручныя вавёркі з’яўляюцца традыцыйнымі насельнікамі лесапарку Румлёва ў Гродне. Гараджане прыносяць жывёлам сухафрукты і семечкі. Пра ручных звяркоў не раз пісалі СМІ. «Вавёрка жывая і знаходзіцца ў заапарку. У яе траўміраваны хрыбетнік. Рана не кусаная, так што сабака её не грыз. Мабыць гэта справа рук чалавека, сама яна так параніцца не магла. Хтосьці ці каменем ці палкай дапамог», — дадаў Ігар.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]