У цытатах ёсць назва той расліны, якая змешчана на кубку. Цяпер, папіваючы гарбатку, можна натхніцца творамі беларускіх пісьменнікаў і папоўніць лексікон.
Сярод пісьменнікаў – і класікі, і сучасныя аўтары. Гэта Максім Багдановіч, Пімен Панчанка, Уладзімір Дубоўка, Ларыса Геніюш, Леанід Дранько-Майсюк, Наталля Арсеннева, Ніл Гілевіч, Янка Купала, Генадзь Бураўкін. У іх творах узгадваецца пэўная расліна – медуніца, пралескі, папараць, касачы, шыпшына. Яна ж выяўлена на кубку.
Асобна ствараецца серыя “Лекавыя расліны”. Для іх Кастусь Севярынец падрыхтаваў вясёлыя выказванні. Напрыклад, “Святаяннік робіць цуды – люд лякуе ад прастуды”. Пакуль у гэтай серыі тры кубкі – з выявамі святаянніка, скрыпеня і дзьмухаўца.
– Па-першае, надыходзіць вясна і хочацца прыгажосці. Жанчынам хочацца нагадаць, што ўсё будзе квітнець, будзе 8 сакавіка і іншыя святы. Па-другое, гэта папулярызацыя нашых беларускіх пісьменнікаў. Хацелася таксама нагадаць, як гучаць назвы раслін на беларускай мове. Разам усё атрымалася, – кажуць Вольга і Сяргей Верамеенкі, гаспадары крамы. Таксама гэта нагадванне, што ў Беларусі шмат колераў, а не толькі белы і чырвоны.
У Гродне адкрылася “Адметнасць” – крама з нацыянальнай сімволікай








