Першы выхад на несанкцыянаванае працоўнае месца на вуліцы Антонава пры дарозе, якая вядзе да Цэнтральнага рынку, скончыўся для гродзенкі судом і істотным штрафам, піша «Вячэрні Гродна».
Калі злавілі, перашкаджала праводзіць праверку
Як распавялі ў ІМПЗ па Кастрычніцкім раёне г. Гродна, 19 снежня мінулага года жанчына прадавала з зямлі некалькі пачкаў кавы (па 10 рублёў за штуку) і слоічкі кансерваванай садавіны з завода. Калі работнікі падатковай інспекцыі злавілі гродзенку, яна стала перашкаджаць спецыялістам праводзіць праверку.
Праз месяц адміністрацыйную справу ўжо разглядаў раённы суд: у выніку жанчыне прызначылі выплаціць штраф у памеры 11 базавых велічынь (280,5 рубля). Акрамя таго, за ажыццяўленне гандлю давялося заплаціць адзіны падатак у памеры 118 рублёў.
Што ў заканадаўстве
Згодна з Указам Прэзідэнта РБ ад 2014/05/16 № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі» забароненая рэалізацыя тавараў на гандлёвых месцах на рынках і (або) у іншых устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах, фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць.
Выключэнне складаюць:
- створаныя гэтымі фізічнымі асобамі творы жывапісу, графікі, скульптуры, вырабы народных мастацкіх рамёстваў, прадукцыя рамеснай дзейнасці;
- прадукцыя кветкаводства, дэкаратыўныя расліны, іх насенне і расада, жывёлы;
- нехарчовыя тавары, якія былі ва ўжытку ў гэтых фізічных асоб і (або) членаў іх сям'і;
- лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі, іншая дзікарослая прадукцыя;
- гародніна і садавіна, іншая прадукцыя раслінаводства, малочныя і кісламалочныя прадукты, прадукцыя пчалярства, іншая прадукцыя жывёлагадоўлі (акрамя пушніны), атрыманая ад хатніх жывёл пры наяўнасці даведкі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, якая пацвярджае, што прадукцыя выраблена грамадзянінам і (або) блізкімі сваякамі на зямельным участку, прадастаўленым ім для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, калектыўнага садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, гародніцтва або ў выглядзе службовага зямельнага надзела.
Пры гэтым такія выключэнні працуюць толькі ў тым выпадку, калі прадаваць тавары ў дазволеных месцах.
— Такім чынам, грамадзяне, якія зарабляюць на свой страх і рызыку перапродажам новых тавараў на стыхійных рынках на вуліцах Антонава і Паліграфістаў, здзяйсняюць як мінімум два парушэнні заканадаўства: і тавар у іх не быў ва ўжытку, і гандаль ажыццяўляецца там, дзе гэта забаронена, — дадалі ў ІМПЗ.
Якія штрафы за несанкцыянаваны гандаль?
Парушэнне патрабаванняў падпункта 1.5−1 п. 1 Указа № 222 у адпаведнасці з ч. 10 арт. 12.17 КаАП прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад пяці да пяцідзесяці базавых велічынь — ад 127,5 да 1275 рублёў. Пры гэтым пад рэалізацыяй тавару маюцца на ўвазе не толькі продаж тавару, але і прапанова яго да продажу загадзя ня вызначанй асобе (колу асоб).
Нагадаем, гандляваць можна на спецыяльных гандлёвых шэрагах на міні-рынку ЗАТ «Гроднагандальсэрвіс» на вуліцы Паліграфістаў. Паўмесца, якога дастаткова для гандлю невялікай партыяй тавару, абыдуцца ў 70 капеек на дзень, а цэлае месца — удвая даражэй.
Агулам за 2018 год суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна разгледзеў 39 адміністрацыйных матэрыялаў, якія тычацца несанкцыянаванага гандлю. 60 гарадзенцам без рэгістрацыі ў якасці ІП быў налічаны адзіны падатак на агульную суму ў 4,5 тыс рублёў.