Чытач Hrodna.life Віктар Галаўня распавёў, што ў яго ў гаражы захавалася нямецкая каністра часоў Другой сусветнай і ён гатовы аддаць яе ў музей. У які - мужчына не ведаў, бо ўжо не жыве ў Гродне. Мы дапамаглі Віктару і перадалі яго рэч у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
У гродзенскі музей гараджане заўсёды неслі старыя рэчы, там у іх маюць патрэбу. Экспазіцыі пастаянна абнаўляюцца і выстаўляюцца. «Гісторыю каністры я не ведаю, але яна ў мяне ўжо некаторы час ляжыць у гаражы, — распавядае Віктар. — Гатовы падзяліцца з музеем. У Беларусі я ўжо не жыву, але вось некалькі рарытэтных рэчаў засталося дома».У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі нямецкай каністрай зацікавіліся і распавялі, што любая старая рэч для гісторыі горада важная.
«Музею патрэбныя ўсе старыя рэчы звязаныя з гісторыяй, асабліва на бязвыплатнай аснове, — распавядае загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч. — Усё гэта можна дэманстраваць. Напрыклад, гэтая вельмі цікавая стандартная нямецкая каністра. Яе ўніверсальнасць была ў тым, што яна магла звонку вешацца да розных тыпаў нямецкіх машын, паўгусенічных аўтамабіляў і бронетранспарцёраў. Такія каністры вельмі дапамаглі немцам, асабліва падчас вайны на поўначы Афрыкі, там былі вялікія адлегласці на пяску. З часам такога ўзору каністры былі захопленыя англічанамі і амерыканцамі і ўжо па нямецкім узоры яны сталі рабіць свае».
Што яшчэ аддавалі ў музей?
Рэдакцыя Hrodna.life (Твой стыль) у 2015 годзе перадала ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей карты Лапіных, якія знайшлі падчас рэканструкцыі будынка на вуліцы Будзёнага. Карты ў выніку аднавілі дзякуючы актыўным гродзенцам і сталі прадаваць.