Рэкламныя плакаты і штэндары, якія ўстаноўлены з парушэннямі заканадаўства, будуць прыбраныя. Пра гэта гаварылі на планёрцы ў старшыні гарвыканкама Мечыслава гоя, піша «Вячэрні Гродна».

Уладальнікі фірмаў і кампаній усталёўваюць пераносныя рэкламныя канструкцыі самавольна: вешаюць на загародах падзяляльнай паласы каля пешаходных пераходаў, прысцёгваюць ланцугамі да дарожных слупоў і дрэваў, ставяць на прыпынках, хоць па заканадаўстве так званыя штэндары могуць размяшчацца толькі каля гандлёвых цэнтраў. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела размяшчэння вонкавай рэкламы УП «Праектнае бюро ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва» гарвыканкама Леанід Жук.

На думку ўладаў, рэклама псуе гарадскі выгляд, таму яе прыбяруць там, дзе яна размешчана з парушэннямі. Такое даручэнне даў Мечыслаў Гой.

Дарэчы, у горадзе кожны год павялічваецца колькасць канструкцый для вонкавай рэкламы, у 2018-м было амаль 4,5 тысячы. Расце колькасць мультымедыйных білбордаў. Зараз у горадзе іх 5, у бліжэйшы час вызначаць яшчэ некалькі месцаў для ўстаноўкі новых. Прыпынкі працягнуць абсталёўваць электроннымі табло з рэкламай i раскладам руху гарадскога транспарту.