Велакавярню “вike cup” запусцілі гродзенцы Ягор і Аляксей. З 1 лютага яна працуе ў гандлёвым доме “Нёман”. З пацяпленнем хлопцы плануюць выязджаць на вуліцы горада і на розныя фестывалі.
Кажуць, першыя велакавярні з’явіліся ў Нідэрландах. Гродзенцы падгледзелі ідэю ў Італіі.
“Я адпачываў у адным з гарадоў Італіі і ўбачыў велакавярню, якая ехала па вуліцы. Ідэя мне спадабалася, прапанаваў сябру зрабіць нешта падобнае ў Гродне”, – кажа Аляксей. Гэта заняла ў гродзенцаў 1,5 месяца.
“Мы спецыяльна заказвалі мэблю, а астатняе – раму і дэталі ад ровара – рабілі самі. Праект абыйшоўся ў прыстойную суму, – распавядаюць хлопцы. – Пра франшызу пакуль не думаем, хочам самі папрацаваць. Мы – аматары кавы, гэты праект запусцілі для сябе і іншых людзей. Хочам прыходзіць на працу і атрымліваць задавальненне”.
У Беларусі ўжо ёсць некалькі падобных праектаў, але не ўсе яны мабільныя. Гродзенцы ў летні перыяд плануюць выязджаць на вуліцы горада. З гэтай нагоды яны цяпер вядуць перамовы з гарвыканкамам.
“Гэта працаёмкі працэс, бо навінка для горада. Але ў нас ёсць вялікае жаданне выехаць на вуліцы Гродна і на фестывалі. У халодную пару плануем пастаянна знаходзіцца ў гандлёвым доме “Нёман”, – распавялі хлопцы.






