Напярэдадні міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту Hrodna.life узгадвае гісторыю сям'і Ісака Капіцы, чые рэчы былі знойдзены ў 1990-х падчас рамонту дома на Вялікай Траецкай, 19. Капіца і яго сям’я, хутчэй за ўсё, былі вязнямі гродзенскага гета і загінулі ў лагерах смерці. Пасля вайны па рэчы ў Гродна ніхто так і не вярнуўся.

Сёння рэчы Ісака Капіцы знаходзяцца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. У ліпені 2018 года іх можна было ўбачыць на выставе скарбаў.

Знаходку выявілі ў 1993 годзе падчас рамонту дома. Тады будаўнікі знайшлі багаты фотаархіў і культавыя прадметы сям'і Ісака Капіцы, які жыў у гэтым доме ў міжваенны час і меў тут сваю пральню. Тады гэты дом меў адрас Пераца 23.

На выставе скарбаў пра рэчы Капіцы гісторык Андрэй Вашкевіч распавядаў:

«Гэтыя рэчы, хутчэй за ўсё, былі схаваны пад канец 1942 года, калі пачалася ліквідацыя гродзенскага гетта і сям’я Ісака Капіцы назаўсёды пакінула родны дом каб згарэць у печах Асвенціма».

Адшуканы фотаархіў дае магчымасць уявіць сабе жыццё гродзенскай яўрэйскай сям'і цягам першых чатырох дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Найбольш раннія здымкі адносяцца да часу службы Ісака Капіцы ў расійскай арміі. Капіца пачынаў служыць у Пензе ў 10-й роце 178-га пяхотнага палка. 28 чэрвеня 1918 года Капіца ажаніўся і праз нейкі час сям’я канчаткова асела ў Гродне, дзе на вуліцы Пераца адкрыла пральню. У ёй працаваў сам Ісак разам з усімі членамі сваёй сям'і. Імя Ісака Капіцы ёсць у спісе падаткаплацельшчыкаў за 1937−38-я гг.
Па рэчы ніхто не вярнуўся: якую гродзенскую гісторыю распавядае знаходка з Траецкай вуліцы
Былы дом Ісака Капіцы


У міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня рэдакцыя Hrodna.life запрашае чытачоў на экскурсію па тэрыторыі былога гродзенскага гета. Журналіст Руслан Кулевіч раскажа, як мясцовыя яўрэі ў 1941 годзе вымушаныя былі пакінуць свае дамы і як змагаліся за жыццё ў вельмі складаных умовах нямецкай акупацыі.

Шпацыр з журналістам пройдзе па тэрыторыі былога гета № 1, якое знаходзілася ў самым цэнтры Гродна. Руслан Кулевіч пакажа дамы, у якіх хаваліся яўрэі, месцы, дзе былі знойдзены дзённікі і каштоўныя рэчы з часоў вайны і многае іншае. Ёсць верагоднасць, што да шпацыру далучыцца і жывы сведка існавання гета ў цэнтры Гродна.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]