Работнікі школьных сталовых Гродзенскай вобласці цяпер пастаянна пад прыцэлам відэакамер. Іх усталявалі ў сталовых усіх устаноў адукацыі рэгіёну, паведамляе АНТ. На такія меры пайшлі, таму што сістэматычна тут выяўляюць нядобрасумленных кухараў, якія парушаюць санітарныя нормы, тэхналогію прыгатавання страў, а лішняе забіраюць дадому.
Камеры пішуць кругласутачна. Любы момант жыцця школы можна адкруціць і адглядзець нанова. Знаходзячыся недзе за межамі гімназіі або нават у адпачынку, дырэктар можа выдалена атрымаць доступ да відэаназірання і паглядзець, што адбываецца не толькі на харчблоку, а наогул на тэрыторыі гімназіі.
Такія ж сістэмы зараз ёсць у кожнай школе вобласці – і ў горадзе, і ў вёсцы. У самых прасунутых работнікі кухні маюць карткі доступу і выходзяць з будынка толькі праз турнікеты. Як альтэрнатыва – запісваюцца ў спецыяльных часопісах. Пры гэтым ахова мае права праверыць, што нясе з сабою чалавек. Інфармацыя захоўваецца на серверы месяц. Калі выявілі праблему, звяртаюцца ў міліцыю ці камбінат школьнага харчавання. Там прымаюць меры.
Вядома, працаваць цэлы дзень пад камерамі складана, прызнаюцца самі кухары. Але на такія меры прымусіла пайсці сітуацыя, якая склалася ў рэгіёне. Толькі ў мінулым годзе ў выніку праверак да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнні прыцягнулі амаль 450 чалавек. Больш за 20 звольнілі, у тым ліку за крадзяжы прадуктаў.
– Мы калі прыходзім, падпісваемся ў часопісе для работнікаў харчаблока. І калі сыходзім, таксама падпісваемся ў гэтым жа часопісе. І дзяжурыць у нас ахоўнік – паказваем яму сумкі. Напружвае? Вядома, як недавер … Але ў той жа час сыходзіш са спакойнай душой, – кажа Марыя Якубашка, загадчыца вытворчасці гімназіі №10 г. Гродна.
Убачыць усё немагчыма, але сістэмы дапамагаюць адсачыць працу саміх педагогаў, а таксама паводзіны дзяцей. Колькасць камер кожная школа вызначае сама. Але многія кіраўнікі зацікаўлены: чым большы ахоп – тым надзейней. Каштуе такое задавальненне каля 30 рублёў у месяц.
https://youtu.be/wW1AqR2ySdo
Праўда, новая сістэма работы агаліла і праблему – кадраў у сістэме школьнага харчавання не хапае. З-за падвышанай увагі да гэтай сферы, росту праверак і ўвядзення відэакантролю толькі ў КШХ аднаго з раёнаў Гродна летась прыйшлося змяніць больш за палову складу супрацоўнікаў. Але спецыялісты ад адукацыі ўжо прынялі рашэнне – з кожным годам колькасць камер у школах будзе расці. З часам такая ж сістэма прыйдзе і ў каледжы, ліцэі і спецыяльныя навучальныя ўстановы.