На Валыні (Украіна) ў рамках дэкамунізацыі ў сярэдзіне студзеня знеслі помнік Чапаеву — дакладную копію гродзенскага. У савецкія гады помнік героя Грамадзянскай вайны ў Расіі дастаўся гродзенцам «у нагрузку» ад бетоннага камбіната ва Украіне.
«Васіль Іванавіч хацеў пазбегнуць дэкамунізацыі, схаваўшыся ў палескай глыбінцы на маёй выбарчай акрузе. Быў выяўлены і ліквідаваны» — напісаў у сваім Facebook народны дэпутат Украіны Ігар Гузь. Помнік месціўся ў Любомльскім раёне Валынскай вобласці. Бюст зараз, напэўна, спішуць.
Аўтар скульптуры Чапаеву невядомы. Вядома, што ў савецкі час копіі з Валыні раз’ехаліся па розных кутках Савецкага саюза.
Сам Чапаеў ніколі не быў ні ў Гродне, ні ў Беларусі. Па адной з версій, якую распавядаў краязнаўца Віктар Саяпін, бюст Чапаеву трапіў у Гродна выпадкова: яго перадалі «ў нагрузку» разам з будаўнічымі матэрыяламі з украінскага камбіната.За савецкім часам была ў Гродне і вуліца Чапаева, але яе перайменавалі ў Васілька. Помнік пры тым застаўся на месцы.
У 2010 годзе група актывістаў да гродзенскага помніка Чапаеву прымацавала таблічка з імем генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Па словах маладых людзей, яны вырашылі перайменаваць бюст, бо героі падобныя тварамі.