Мікрааўтобус занесла на слізкай дарозе і ён урэзаўся ў сустрэчны «ГАЗ». Адзін чалавек пацярпеў. Аварыя адбылася на 177-м кіламетры аўтадарогі Мінск — Гродна паблізу вёскі Ваверка Лідскага раёну ўвечары ў панядзелак, 14 студзеня, піша «Вячэрні Гродна».

Кіроўца «Івека» ехаў з боку сталіцы ў Гродна. Раптам машыну занесла і ён выехаў на сустрэчную, дзе сутыкнуўся з «Газэллю». 35-гадовую пасажырку «Івека» прыйшлося шпіталізаваць, паведаміў старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС аблвыканкама Алег Дук.

Дарэчы, з-за дрэнных умоў надвор’я за панядзелак у вобласці зарэгістравана ўдвая больш аварый, чым у звычайны дзень — 48 неўліковых ДТЗ (без пацярпелых), у тым ліку 38 — у Гродне. Часцей за ўсё прычыны аварый — няправільны выбар хуткасці або невыкананне дыстанцыі.

«Сітуацыя не крытычная. Аднак колькасць аварый узрасла», — адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі рэгіёну, піша БЕЛТА. У Гродне і некаторых раёнах вобласці ўведзены план «Надвор'е». У Гродне, Гродзенскім, Свіслацкім і Бераставіцкім раёнах супрацоўнікі ДАІ працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Кантралюецца абстаноўка на дарозе, пры неабходнасці інспектары гатовыя аказаць дапамогу. Кіроўцам і пешаходам трэба быць пільнымі на дарогах і не перашкаджаць працы снегаўборачнай тэхнікі.