ДАІ за суткі знайшлі кіроўцу, які на пешаходным пераходзе збіў жанчыну і з’ехаў. Наезд адбыўся ў шостай гадзіне раніцы 10 снежня на вуліцы Паўднёвай у Гродне, калі мясцовая жыхарка рухалася справа па ходзе руху аўтамабіля. Яе змясцілі ў лякарню, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Пасля здзяйснення ДТЗ кіроўца з’ехаў у напрамку вуліцы Хімікаў. Пацярпелая і відавочцы не запомнілі ні рэгістрацыйнага знака, ні колеру машыны, ні яе мадэлі.
Дзякуючы прагляду запісаў з відэакамеры ДАІ ўсталявалі машыну, якая магла быць датычная да наезду, і асобу ўладальніка, які па месцы жыхарства адсутнічаў і перастаў выходзіць на сувязь. У Шчучынскім раёне яны выявілі «Шэўрале Ніву», якая засела ў кювеце каля вёскі Ішчална. Неўзабаве стаў даваць паказанні і яе кіроўца, які там адсутнічаў. Утрыманне алкаголю на момант агляду ў яго прыкладна ў шэсць разоў перавышала гранічна дапушчальнае.