Спадчына

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

У Музеі гісторыі рэлігіі з 8 студзеня адкрылася выстава, на якой можна ўбачыць рэчы і багаты фотаархіў гродзенскай сям'і Чарнышовых. Гэта фотаздымкі і рэчы з жыцця Гродна і гродзенцаў пачатку і сярэдзіны 20 стагоддзя.

Выставу прадстаўляе Таццяна Чарнышова, якая сёння жыве ў Брэсце, але не забывае пра свае гродзенскія карані. На працягу некалькіх гадоў жанчына прасіла сваю маці Веру Фёдараўну Чарнышову (1928 г. н.) запісваць успаміны з дзяцінства. Жанчына дагэтуль жыве ў Гродне. Чарнышовы рыхтуюць да выхаду кнігу з гісторыяй сваёй сям'і.

Адну гісторыю з дзяцінства Веры Фёдараўны мы ўжо публікавалі. А некалькі гадоў таму пажылая жанчына запісала і намалявала ўсё, што памятае пра Тэлеграфную вуліцу, ранейшую Басняцкую, дзе жыла спачатку ў доме № 2, пазней — у доме № 18. На рагу Тэлеграфнай і Ажэшкі, дзе цяпер скверык, да 1941 г. стаялі чатыры дамы, у тым ліку і маленькі рэстаранчык «Зацішша». Дзве бомбы знішчылі і дамы, і людзей. Хто выжыў - перасяліўся хто куды. У доме цудам ацалела скрыня з фотаздымкамі і дакументамі.

Паштоўкі ад цара

У 1914 годзе падчас прыезду цара Мікалая II у Гродна дзядуля Таццяны Чарнышовай апынуўся сярод шчасліўчыкаў, якія атрымалі падарункі ад цара і яго жонкі. Дзед стаяў на Ажэшкі, калі цар са сваёй світай праходзіў па вуліцы і раздаваў свае фатаграфіі. У сям'і партрэты захоўваліся ў таемным месцы і толькі перад смерцю дзед перадаў іх Таццяне. Яны былі загорнуты ў газету з артыкулам пра Сталіна.

Дзённік і малюнкі

Падчас нямецкай акупацыі мама Тацяны Вера Фёдараўна вяла дзённік. Дзякуючы яму можна даведацца, што адбывалася ў Гродне і ваколіцах падчас вайны — з пункту гледжання маладой дзяўчыны. Па просьбе Таццяны мама да дзённіка дадала малюнкі. Сярод іх — разбураны дом сям'і на Басняцкай. Сёння гэта адзінае сведчанне, як выглядала забудова на старой вуліцы.

Прыгажуні падчас вайны

На выставе Таццяна прадставіла і здымак гродзенскіх прыгажунь падчас нямецкай акупацыі. На ім усе дзяўчаты ў прыгожых строях і шаўковых панчохах. І гэта ў час вайны! Па ўспамінах Веры Чарнышовай, дзяўчаты збіраліся ў кватэрах на «прываткі» (закрытыя вечарыны). Сярод самых прыгожых дзяўчат пачатку 1940-х была Ванда Чапская. Па ўспамінах мамы Таццяны, калі гэтая дзяўчына ішла па горадзе, спыняліся ўсе людзі.

Яўрэйская кіпа

У сям'і Чарнышовых захоўваецца незвычайная яўрэйская рэч. Толькі нядаўна жанчына зразумела, што прыгожая тканіна сярод старых сямейных рэчаў гэта яўрэйская кіпа — галаўны ўбор. Таццяна думае, што гэтую рэч набыў яе дзед у яўрэйскіх крамах у даваенныя гады. Магчыма, яна была набытая ў краме Цухнэса, каля дома Мураўёва. Гэта месца часта ўспамінаў дзед.

Іспанскі крыж

Падчас нямецкай акупацыі ў Гродне знаходзілася іспанская дывізія. Па ўспамінах Веры Фёдараўны, не ўсе іспанцы хацелі ваяваць. Аднойчы невысокі чарнявы хлопчык забег да іх і папрасіў схавацца. Дрыжачага салдата схавалі і перад выхадам, у знак падзякі, ён зрэзаў з шыі драўляны крыж з нацыянальнай іспанскай стужкай і пакінуў сям'і. Сам іспанец пайшоў у партызаны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Літва забараніла перасякаць мяжу на матацыклах і мапедах — іх стала занадта шмат

Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць вядомы начны клуб — з абсталяваннем, штатам і базай кліентаў

У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць падвал з дызайнерскім рамонтам

Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць маёмасць фірмы «Новое зрение». Клініку пазбавілі ліцэнзіі - яна сышла з Беларусі

У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…

15 красавіка 2025

У Гродне адкрыўся «партал у 90-я» — чарачная DEHDИ. Уладальнікі адсылаюць да рускіх фільмаў

Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…

15 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся «пакой лютасці» — там легальна можна знішчаць рэчы і тэхніку

У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…

15 красавіка 2025