Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыях 10 студзеня абвесціць лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”. У намінацыі “Журналіст года” прадстаўленыя гродзенскі беларускамоўны рэсурс Hrodna.life, карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, спецпраект “Актывісты” анлайн-часопіса 34mag.net, рэсурс Binkl.by, відэаблогер з Брэста Сяргей Пятрухін, самы папулярны сайт Гомельскай вобласці Gomel.today, піша БелаПАН.
Hrodna.life быў намінаваны на прэмію і ў 2017 годзе. Тады яе атрымаў гомельскі блогер Максім Філіповіч за грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці.
Прэмія была заснаваная, каб адзначыць выбітных людзей, арганізацыі, а таксама падзеі, якія сталі знакавымі для развіцця трэцяга сектара Беларусі. Першая цэрымонія адбылася ў 2009 годзе.
Традыцыйна пераможцаў вызначаюць паводле вынікаў сумеснага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў членамі рабочай групы Асамблеі НДА, а таксама спецыяльна запрошанымі экспертамі з ліку лідараў няўрадавых арганізацый, леташніх пераможцаў прэміі, журналістаў. Сёлета ў журы ўвайшло 112 чалавек. Сярод іх гродзенка – дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка.
Таксама прэмію ўручаць у намінацыях “Новая ініцыятыва”, “Рэгіянальная падзея” ( у ёй намінаваныя “Універсітэт залатога веку” ў Гродне і “Утульны панадворак у цэнтры Гродна”, “Крэатыў года” (Першы студэнцкі хакатон у Гродне), “Талака года”, “Медыяактыўнасць года”, “Партнёрства года” і “Кампаніі года”.
У намінацыі “Гарбуз года” прэмія ўручаецца за негатыўныя дзеянні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх актывістаў. Сёлета намінантамі сталі кіраўніцтва Мінгарвыканкама (за неусталяванне памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР), намеснік дырэктара мінскай гімназіі № 31 Інэса Ахрамовіч (за прымус вучняў да ўступлення ў БРСМ), кіраўніцтва МУС (за пакаранні з-за статуі “Мінскі гарадавы”), інфармацыйнае агенцтва БелТА (за крымінальную справу ў дачыненні да 15 журналістаў), Палата прадстаўнікоў (за прыняцце паправак у закон аб СМІ, якія ўзмацнілі кантроль за інтэрнэтам).