Павіншаваць беларускамоўную групу дзіцячага садка № 65 прыйшлі калядоўшчыкі з дыпламаваным мішкам і гарэзлівай казой. 27 снежня сябры Гродзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы гасцілі ў маленькіх беларускамоўных гродзенцаў.
Другая малодшая група садка ўжо другі год гаворыць па беларуску. Да Калядаў дзеці разам з выхавацелькамі ўпрыгожвалі групу і вучылі вершыкі. Прыгадзіліся яны, каб ажывіць казу. У падзяку за цудоўнае лекаванне казы дзеці атрымалі кніжкі з казкамі і цукеркі.
«Добра калядуецца з дзеткамі, — кажа Марыся Харэвіч, „баба“ з гурта калядоўшчыкаў. — Ад нас яны могуць даведацца, як выглядае мішка, каза ці зорка, пачуць, як гучаць калядныя песні, павадзіць карагоды». «Традыцыі адведвання садкоў і школ з беларускамоўнымі класамі амаль 10 гадоў, — распавёў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка. — Раней маглі да ўсіх прыходзіць, а зараз толькі да самых маленькіх — да першакласнікаў і ў дзіцячыя садкі. Хочам паказаць дзецям, што беларусы адметныя, што маюць свае абрады і традыцыі». Адзначаць Каляды ў садку № 45 сябры ТБМ прыдуць ужо ў новым годзе. А наступнае свята, да якога рыхтуюцца зараз - Дзень роднай мовы, што адзначаюць у лютым.