Сяргей Марозаў падняў квадракоптэр у неба і праляцеў над многімі гарадскімі аб’ектамі. “Сапраўдным адкрыццём для мяне была ілюмінацыя ад “Вадаканала”. Сцэнай каля ўпрыгожанай вышкі і завяршыў відэа. Таксама хачу адзначыць завод “Белкард”, дзе таксама вельмі ўдала аформілі галоўны будынак і цэхі, прадпрыемства відаць з усіх бакоў”, – распавядае аўтар.
– Каб знайсці ўсе гэтыя месцы, прыйшлося добранька параспытваць знаёмых, а потым узяцца за справу. Гродна сёлета апынуўся незвычайна прыгожы. Каб усе засняць, здымаў 9 начэй. У выніку з двух гадзін відэа зрабіў 2 хвіліны. Гэта быў самы складаны момант, шмат прыгожых сцэн прыйшлося прыбраць, – распавядае AutoGrodno.by Сяргей Марозаў. – Некалькі разоў квадракоптэр ледзь не разбіўся, бо ноччу сярод такой стракатай ілюмінацыі ён папросту губляўся з-пад увагі і парачка момантаў з пасадкай была небяспечнай.
Сяргей адзначыў, што доўга шукаў музыку для навагодняга відэа, а ў апошні момант пачуў прыдатную кампазіцыю па гродзенскім радыё і справа пайшла.


