Выставу, прысвечаную сімвалу 2019 года — свінні, прадставіў гродзенцам мастак Алесь Сураў 26 снежня у Цэнтры гарадскога жыцця. «Чым далей на гэту тэму задумваўся, тым больш самому рабілася страшна. Спачатку маляваў свіней, потым свіней і людзей. Потым людзей у выглядзе свіней», — распавёў мастак. Ажно, кажа Сураў, пад канец і сам заблытаўся, хто ёсць хто ў нашым грамадстве.
«Бывае, дома — добры, харошы чалавек. Прыходзіць на працу і становіцца свіннёй. Ці наадварот. Во хакейсты — набудавалі ім столькі палацаў, а яны нічога не выйграюць — ну не свінні, га? Усё так».
У кожным малюнку можна «ўбачыць падвох», кажа Сураў. Але яго меркаваннем, галоўнае не гэта. «Вось нядаўна мы тут разважалі пра брэнды. Я не хачу, напрыклад, украінцам аддаваць брэнд, што толькі яны могуць рабіць сала. З халеры? Іх — сланечнікавы алей і жыта. А мы заўсёды ціха расцілі свіней, ціха рэзалі і потым ціха елі».
[irp posts="94 798″ name="Брэнд Гродна: агратрэш і запрашэнне ў турму. Гродзенцы абмеркавалі, якім (не) мае быць імідж горада"]
Са словаў Сурава, каб маляваў далей, то яшчэ больш было б філасофскіх рэчаў са свіннямі. «Зразумеў, што гэта таксама брэнд, каторы не трэба аддаваць. Наш брэнд, чаму не?»Адкрываючы выставу, мастак падзякаваў Цэнтру гарадскога жыцця за падтрымку ў арганізацыі выставы: «Думаю, што нікуды з гэтымі свіннямі больш бы не ўлез, апроч як у які-небудзь хлеў».
Падчас Калядаў, меркаваннем Сурава, усе павінны гуляць і адзін аднаго віншаваць. «Тым, у каго ўсё здарылася, можна есці. У каго не здарылася, можна пастаяць, але можна і паграшыць. Так што частуйцеся госцікі дарагія, сала е!»