Калоны камунальнай тэхнікі пры ўборцы снегу ў Гродна рухаюцца ў суправаджэнні аўтамабіляў Дзяржаўтаінспекцыі, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Па прагнозах, снегапад працягнецца некалькі дзён, значыць, снегаўборачная тэхніка будзе працаваць кругласутачна.
«Для забеспячэння арганізаванай уборкі снегу задзейнічаны экіпажы ДАІ. Просім вадзіцеляў быць уважлівымі і не перашкаджаць працы камунальных службаў», — адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.
«Гродна Плюс» паведамляе, што спецтэхніка ў апошнія суткі працуе ў аўральным рэжыме, машыны па расчыстцы і пасыпцы снегу калясяць па горадзе кругласутачна. «У сувязі з выпадзеннем снега кругласутачна прадпрыемства працуе. 20 пяскасолераскідвальнікаў і 15 трактароў. Сёння з пяці раніцы выйшлі 140 прыбіральшчыкаў тэрыторый для уборкі грамадскіх прыпынкаў і пешаходных пераходаў. З 20 машын сфармавана чатыры брыгады пад кіраўніцтвам ДАІ, якія прыбіраюць нашы дарогі», — кажуць у САГ.
Маршруты для калон, якія расчышчаюць дарогі, выбірае ДАІ. У першую чаргу прыбіраюць найбольш аварыйна небяспечныя дарогі і магістралі. Пры гэтым па меры неабходнасці, калоны снегаўборачнай тэхнікі могуць на працягу сутак не раз праходзіць адзін і той жа маршрут. Усяго за мінулую ноч ужо было выдаткавана 254 тоны пяскасаляной сумесі. Абноўленыя зводкі ад Белгідрамета паступаюць дыспетчарам Спецаўтагаспадаркі кожныя тры гадзіны. Пакуль прагнозы не абнадзейваюць, снегапад не спыніцца яшчэ як мінімум некалькі дзён. Гэта значыць, што снегаўборачная тэхніка працягне працаваць у кругласутачным рэжыме. Камунальнікі просяць аўтаўладальнікаў не пакідаць тэхніку на ноч ўздоўж галоўных гарадскіх магістраляў. Акрамя таго з мінулага года заканадаўча замацавана за ўладальнікамі аўтамабіляў у Гродне самастойная ўборка месцаў для стаянкі аўтатранспарту.
www.youtube.com/watch?time_continue=2&v=OTkLCiPUNV0
Як паведамілі 015.BY у ДАІ Гродна, стан праезжай часткі не зусім спрыяльны для руху. Адсюль і шматлікія пробкі. Кіроўцы выбіраюць бяспечную дыстанцыю, каб не стаць ахвярай ДТЗ.
— Раніцай у панядзелак па горадзе адбылося 5 ДТЗ. У той час як днём раней, у нядзелю, у Гродне зафіксавана 29 аварый, — пракаментавала Людміла Ракевіч, інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Пешаходам і вадзіцелям варта памятаць, што ў падобных умовах надвор’я тармазны шлях значна ўзрастае. Таму пешаходам неабходна быць яшчэ больш уважлівымі, а аўтамабілістам — выбіраць бяспечную хуткасць і дыстанцыю руху.
Усяго ў вобласці 16 снежня было зафіксавана 35 аварый. Як расказалі ў прэс-службе Гродзенскай ДАІ «Вечернему Гродно», усе аварыі, якія адбыліся, «дробныя». Прычынамі большасці з іх стала невыкананне бяспечнай дыстанцыі, інтэрвалу або хуткасці руху.