Шарль дэ Голь у гады Першай сусветнай знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне

Французскі гісторык і бізнэсмэн Марыс Панцье, які ўжо 22 гады жыве ў Беларусі, адкрыў малавядомыя старонкі біяграфіі Шарля дэ Голя, піша «Наша н**а» са спасылкай на kp.by.

Будучы лідар французскага Супраціву і прэзідэнт краіны пасля Другой сусветнай у 1916 г. трапіў у нямецкі палон і знаходзіўся ў ліпені — кастрычніку гэтага года ў лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне.

Высветліць, што гаворка ідзе менавіта пра беларускі Шчучын, дапамагло аднаўленне імёнаў і прозвішчаў палонных афіцэраў - у архівах знайшоўся іх спіс.

Вядома, што вакол Шчучына было каля 25 нямецкіх лагераў для ваеннапалонных з розных краін антынямецкай кааліцыі. У асноўным у іх знаходзіліся салдаты, і толькі ў адным — афіцэры, у ліку якіх — 37 французаў.

Немцы трымалі афіцэраў на другім паверсе ў памяшканні 13 на 8,5 метра з 13 вокнамі. Гэта быў нават не лагер, а піларама мясцовых князёў Друцкіх-Любецкіх, адкуль немцы вывезлі ўсё абсталяванне. Умовы — жудасныя, стаўленне да палонных — тым больш: напрыклад, часам французам прывозілі суп у начным гаршку, — распавядае Марыс.

Лагер знаходзіўся за кратамі, французаў усе чатыры месяцы палону ў Шчучыне выпускалі гуляць у двор на пару гадзін у дзень. А калі дэ Голь з таварышамі паспрабаваў збегчы чарговы раз праз дзірку ў сцяне, пакаралі ўсіх афіцэраў, пазбавіўшы іх на два тыдні прагулак.

З шчучынскага лагера для афіцэраў французаў перавялі ў нямецкую крэпасць Інгальштдт. На гэта паўплываў Брусілаўскі прарыў - прасоўванне рускіх войскаў прыкладна на 120 км на захад у раёне Карпат. Немцы баяліся, што фронт можа зрушыцца і на іншых участках. Акрамя таго, памятаючы пра спробу ўцёкаў, немцы лічылі палонных асабліва небяспечнымі.

— Менавіта дэ Голь з адным са сваіх таварышаў займаў вельмі антынямецкую пазіцыю, не хаваючы гэтага. А капітан Сальмон, што пакінуў успаміны пра дэ Голя ў палоне, умеў падрабляць дакументы — дзякуючы яму ва ўсіх палонных меліся турэцкія пашпарты, — кажа Марыс.

Цікава, што нават пакінулі лагер французы са скандалам. Разам з імі там знаходзіліся і рускія афіцэры, з якімі дэ Голь з таварышамі пасябравалі. Сыходзячы, французы вырашылі з імі развітацца, але немцы забаранілі ім гэты жэст ветлівасці. Тады палонныя на чале з амаль двухметровым капітанам дэ Голем проста вынеслі дзверы, што ім заміналі.

— У 2019 годзе, да 100-годдзя падпісання Версальскага міру і да 105-годдзя пачатку Першай сусветнай, мы рыхтуем на тэрыторыі былога лагера вялікае мерапрыемства. Малады скульптар Арцём Мядзведзеў ужо стварае авангардную 6-метровую скульптуру Шарля дэ Голя, — распавядае пра планы Марыс.

Падзея пройдзе пры падтрымцы французскага міністра Жэральда Дарманена і французскага пасольства ў Беларусі, беларускага пасольства ў Парыжы, Шчучынскага райвыканкама, консула Францыі ў Маскве (ён раней працаваў у Мінску). Фінансава падтрымаюць праект палітыкі-галісты, гатовыя дапамагаць Фонд дэ Голя і Мемарыяльны камітэт Вердэн.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У цэнтры Гродна адкрылася фотастудыя — кліентаў прывабліваюць жывымі куранятамі

У сярэдзіне сакавіка на Замкавай, 11 адкрылася фотастудыя Retreat. У студыі ёсць некалькі працоўных зон…

8 красавіка 2025

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025