Спірт пастаўлялі ў Беларусь з Расіі. Усяго выяўлена кантрафакту на суму каля трохсот тысяч беларускіх рублёў. Гэта найбольшае з пачатку года затрыманне кантрафактнай спіртазмяшчальнай вадкасці ў маштабах краіны.

— У ходзе праведзеных аглядаў аўтамабіляў і памяшканняў на тэрыторыі Гродна і раёна канфіскавана каля пятнаццаці тысяч літраў этылавага спірту, заводскім спосабам разлітага ў пяцілітровыя пластыкавыя каністры, — паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Амаль 15 000 літраў кантрафактнага спірту канфіскавалі ў Гродзенскай вобласці

Першапачаткова было вядома пра затрыманне аўтамашыны Рэно. Ёй кіравалі вадзіцелі аднаго з ПУП Гродна. У паўпрычэпе праваахоўнікі выявілі 1499 ёмістасцяў па 5 літраў кожная, у якіх знаходзілася 7495 літраў этылавага спірту «Ферэйн».

Практычна адначасова ў аграгарадку Азёры Гродзенскага раёна затрымалі аўтамашыну «Мэрсэдэс Віта». 34-гадовы кіроўца перавозіў каля 496 ідэнтычных ёмістасцяў з 2480 літрамі спірту.

— Праз некалькі гадзін пры аглядзе адной з кватэр па вуліцы Дамброўскага ў Гродне і дома ў вёсцы Жытомля Гродзенскага раёна ў 64-гадовай жыхаркі Гродна выяўлена і канфіскавана 924 аналагічныя ёмістасці з 4620 літрамі таго ж спірту, — пракаментавалі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У дачыненні да чатырох грамадзян распачаты адміністрацыйныя працэсы. Зараз у дачыненні да затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы. На аўтамабілі накладзены арышт. Агульны кошт арыштаванай маёмасці 80 000 беларускіх рублёў.

youtu.be/sZiTfULR39o