Бярозаўчане абмяркоўваюць з’яўленне на ўскраіне горада ваўкоў. Кажуць, шэрыя госці ўжо загрызлі трох сабак, мясцовыя жыхары асцерагаюцца, як бы не было нападаў на людзей.

Якая сітуацыя на самай справе, карэспандэнт «Лiдскай газеты» пацікавіўся ў старшыні секцыі паляўнічых ганчакоў ў Бярозаўцы, паляўнічага Сяргея Кулеша.

— Тое, што бачылі ў ваколіцах Бярозаўкі двух ваўкоў, праўда, — пацвердзіў ён. — Па колькасці сабак, якія пацярпелі ад звера, канкрэтную інфармацыю маю толькі пра адну. Дом уладальнікаў сабакі знаходзіцца ў канцы вуліцы Садовай, але ў аддаленні ад іншых жылых дамоў, практычна ў лесе, мясцовыя яго называюць хутарам. Двух ваўкоў у тым раёне бачылі дзве жанчыны, якія займаюцца скандынаўскай хадой. Паляўнічыя таксама заўважалі шэрых драпежнікаў - аднаго большага, іншага меншага — у раёне суседніх вёсак Пудзіна і Журавельнікі.

Варта сказаць, што ваўкі гэтыя не «мясцовыя», бліжэйшае логава шэрых — у Налібоцкай пушчы. Але калі ўлічыць, што воўк у суткі праходзіць каля 70 кіламетраў, а Налібоцкая пушча ў 25-ці, то цалкам вытлумачальна іх з’яўленне паблізу Бярозаўкі.

— Хачу супакоіць мясцовае насельніцтва. Па-першае, здаровы звер заўсёды будзе пазбягаць кантакту з чалавекам і сыходзіць ад яго, таму не варта палохацца, убачыўшы ўдалечыні ваўкоў. Нападае воўк (ды і любы звер) на чалавека толькі ў выпадку прамой пагрозы яго жыццю — няма куды ўцячы, паранены звер, хворы, галодны. Аб голадзе гаварыць пакуль не даводзіцца, бо ў гэты час пражытак звер здабудзе лёгка. Няма ні снегу па калена, ні маразоў. Паляўнічыя, якія бачылі звяроў, не заўважылі ў іх прыкмет захворванняў, выглядаюць ваўкі добра. Што тычыцца нападу на сабаку (сабак), тут магло адбыцца, што хатняя жывёла спрабавала абараніць уласнасць і сама ўступіла ў няроўную барацьбу…

Пакуль людзі абмяркоўваюць, ці прыйдуць ваўкі яшчэ і баяцца выходзіць у лес, Бяразаўскі гарвыканкам ужо адправіў заяўку ў Навагрудскае паляўнічае грамадства, за якім замацавана дадзеная лясная тэрыторыя, аб прыняцці неабходных мер.