Як дзякуючы прэзідэнту ў Гродне зменіцца знешні выгляд «панэлек» і дзе пабудуюць новыя дамы

Замест шэрых і сумных панелек ў Гродне пачнуць будаваць новыя па архітэктуры дома — дзе яны з’явяцца і колькі будуць каштаваць кватэры, піша «Вячэрні Гродна».

— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, мы сур’ёзна зменім падыходы ў архітэктурнай дзейнасці. Жыллё — гэта не толькі сам дом, але і прылеглая тэрыторыя. Яна павінна быць камфортнай для пражывання. Для гэтага ёсць усе магчымасці, але няма, на жаль, творчага падыходу — праекціроўшчык пакуль не хоча ўстаць на месца чалавека, які там будзе пражываць, — паведаміў у эфіры ТБ намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў.

Паводле яго слоў, у будаўнічай галіны прайшла мадэрнізацыя панэльнага домабудавання. Адзін з кірункаў - індывідуальнае жыллё, попыт на якое павялічыўся.

— Ёсць даручэнне забяспечыць домабудаўнічыя камбінаты неабходнымі зямельнымі ўчасткамі ва ўсіх населеных пунктах. Таксама стаіць задача па пераходзе на павелічэнне спажывання электраэнергіі. З улікам уводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі будзе магчымасць забяспечваць электраэнергіяй ацяпленне жылля. Цяпер сумесна з Міністэрствам энергетыкі адпрацоўваем пытанне па зніжэнні тарыфаў для ацяплення жылля, у тым ліку і ў начны час, — дадаў ён.

Мы вырашылі высветліць, колькі цяпер каштуе жыллё ў новабудоўлях і на другасным рынку.

Колькі каштуе «квадрат»

Сёння новую кватэру можна купіць у дамах, пабудаваных ААТ «Гроднажылбуд». Адзін квадратны метр у новабудоўлях будзе каштаваць у сярэднім ад 930 да 1430 рублёў. Самае таннае жыллё — у Каўбасіно, Альшанцы і на Фолюшы. Даражэй абыйдзецца кватэра на вуліцы Курчатава або ў раёне вуліц Пралетарская — Шчорса. Пры куплі ўсю суму давядзецца выплаціць на працягу 60 каляндарных дзён.

Ёсць тры кватэры вольнай планоўкі плошчай ад 75,8 да 88,6 кв. м у элітным доме на вуліцы Будзёнага, 28. У маналітнай новабудоўлі з панарамнымі лоджыямі, відэадамафонамі, мармуровымі падваконнікамі, гідраўлічнымі ліфтамі, тэрасамі, зонай адпачынку на даху ёсць уласны атапліваемы паркінг, паркоўка з аўтаматычнымі варотамі, ўладкаваная дзіцячая пляцоўка. Адзін метр каштуе прыкладна 1930 рублёў. Пры аплаце ўсёй сумы адразу можа быць зніжка 5−6%. Можна ўнесці палову, тады астатнюю частку падзеляць на год роўнымі часткамі.

Засталіся незанятыя кватэры вольнай планоўкі ў іншым элітным доме на вуліцы Свярдлова, 12. Адзін метр абыйдзецца ад 1270 да 1800 рублёў у залежнасці ад плошчы жылля і паверху.

Дзе яшчэ пабудуюць дамы

Працягваецца забудова новага жылога квартала на месцы былой вайсковай часткі на Лідскай вуліцы. Нагадаем, па праекце тут з’явяцца хаты ад 8 да 18 паверхаў на 1620 кватэр з аб’ектамі абслугоўвання на першых паверхах. Узводзяць тры вышынныя дамы каля 37-й школы на вуліцы Вольгі Соламавай.

Два шматпавярховыя дамы з’явяцца на праспекце Янкі Купалы праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага комплексу «Трыніці». Дамы будуць маналітныя, на чатыры пад’езды, вышынёй ад 6 да 9 паверхаў. У кожнай шматпавярхоўцы — па 92 кватэры (адна-, двух-, трох-, чатырохпакаёвыя) свабоднай планіроўкі. Пакуль праводзяцца падрыхтоўчыя працы.

Поўным ходам ідзе будаўніцтва ў Грандзічах-2. Тут ўзвядуць 24 дамы ад 7 да 19 паверхаў як панэльныя, так і маналітна-каркасныя. Усяго пабудуюць амаль 136 тысяч кв. м жылля — гэта больш за 2000 кватэр.

Колькі «квадрат» на другасным рынку

Цэны на другаснае жыллё моцна адрозніваюцца. Адзін квадратны метр абыйдзецца ў сярэднім ад 1200 да 1800 рублёў. Так, аднапакаёвая кватэра ў Гродне каштуе ад 41 000 да 110 000 рублёў. Танней жыллё на вуліцах Міра, Горкага, Фолюш, даражэй — каля 50 000−53 000 рублёў - у спальных мікрараёнах на вуліцах Дзяржынскага, Белуша, Шчорса, Ліможа, праспекце Янкі Купалы. У самым цэнтры горада, на вуліцах Парыжскай Камуны і Парахавы, аднапакаёвыя кватэры прапаноўваюць за 97 400 і 110 100 рублёў.

«Двушкі» будуць каштаваць крыху даражэй — у сярэднім ад 50 000 рублёў. Двухпакаёвая кватэра, напрыклад, у раёнах вуліц Пушкіна, Дамброўскага, Урублеўскага, завулка Даватара абыйдзецца 53 000−55 000 рублёў.

«Трошку» у цэнтры (на Сацыялістычнай, Давыда Гарадзенскага) прапануюць па 70 000−76 000 рублёў, у спальных раёнах (вуліцы Рэпіна, Брыкеля, Паповіча, праспект Кляцкова, Індурская шаша) — 85 000−89 000 рублёў

Да канца года Беларусбанк прыпыніў выдачу крэдытаў на жыллё

Як паведамляюць у банку, па 31 снежня 2018 года атрымаць новы крэдыт пад набыццё нерухомасці нельга. Выключэнне — выдача крэдытаў на жыллё, будаўніцтва якога вядзецца з дзяржпадтрымкай. Змяніліся стаўкі па жыллёвых крэдытах: калі раней банк выдаваў крэдыт на будаўніцтва і куплю нерухомасці пад 13% гадавых, то з 8 лістапада стаўка вырасла да 15% (стаўка рэфінансавання плюс 5 працэнтных пунктаў).

Спраўка «ВГ»

Па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, за дзесяць месяцаў гэтага года ў вобласці пабудавана 3575 кватэр агульнай плошчай 312 тысяч кв. м. Амаль трэць жылля, 91,7 тысячы кв. м, пабудаваная для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку з дзяржпадтрымкай — 56,8 тысячы кв. м.

У сельскай мясцовасці ўведзена ў эксплуатацыю 42,4 тысячы кв. м агульнай плошчы жылля, або 13,6% ад агульнага ўводу па вобласці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024