З красавіка 2019 года кампанія «Фолькскваген» прыняла рашэнне наладзіць у Гродна зборку джгутоў на аўтамабіль POLO ў Калузе. Для гэтага «Радыёхваля» пашырае вытворчасць і дадаткова набірае ў штат 300 чалавек.
— Мы з задавальненнем прымем моладзь з любога раёна вобласці, на першым часе дамо інтэрнат, каму патрэбна. Ёсць дамоўленасць з Гродзенскім гарвыканкамам прадастаўляць работнікам прадпрыемства арэнднае жыллё, уключаць іх у склад ЖБСК для будаўніцтва ўласнага жылля, — кажа Святаслаў Карпінскі, дырэктар «Радыёхвалі».
Штотыдзень збіраюць 600 джгутоў
«Радыёхваля» выйграла конкурс на пастаўку камплектаў электраджгутоў ў Ніжні Ноўгарад і на завод у Калугу, які належыць «Фольксвагену». Як паведаміў «Гродзенскай праўдзе» Святаслаў Карпінскі, у пачатку гэтага года на прадпрыемстве пачалі рэалізацыю новага праекта — пастаўшчык электраджгутоў на зборачны канвеер аўтамабіляў «Шкода Кадзіак». Сёння яны паспяхова спраўляюцца з даведзенымі планавымі заданнямі - штотыдзень збіраюць 600 джгутоў.
Зарплата — тысяча рублёў і будзе павышацца
Цяпер у зборшчыкаў камплектаў зарплата вагаецца ў межах адной тысячы рублёў. Абяцаюць, што яна будзе паэтапна падвышацца. ААТ «Радыёхваля» працуе з прыбыткам, якiя за восем месяцаў гэтага года склалі каля 600 тысяч рублёў. Каля 85% прадукцыі ідзе на экспарт.
У маі 2019 года праект запрацуе на поўную моц
Таму сёння ідзе набор і навучанне. Пад мантаж новай канвеернай лініі прыбывае абсталяванне, якое тут жа і збіраецца. Для гэтага выкарыстоўваюцца раней пустуючыя плошчы, а гэта каля сямі тысяч квадратных метраў.