Праграму «Вянок» з песень Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча паказалі ў Гродне ўпершыню. Канцэрт прайшоў 30 снежня ў зале каледжа культуры і быў прысвечаны 10-годдзю працы Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Hrodna.life распытаў слухачоў імпрэзы чым іх зацікавіла падзея.

Уладзімір Пруднікаў распавёў, што многія з песень «Вянка» ёсць у яго штодзённым плэйлісце. «Вераніка» і «Пагоня» заўседы побач са мною, слухаю іх найчасцей у машыне". Даведаўшыся пра канцэрт у Гродне, ён прышоў, каб паслухаць іх у новым, сучасным выкананні.

«Мулявін і Багдановіч — нашы беларускія геніі, каторым не было наканавана сустрэцца пры жыцці, бо жылі яны ў розныя гістарычныя часы. Добра, што яны сышліся ў свеце творчасці».

«Мы музыканты і ведаем гэты калектыў, сочым за яго творчасцю. Гэта ўзор прафесійнага выканання, — распавялі выкладчыкі па класу баяна з коледжа мастацтваў Уладзімір Сяргейчык і Валер Ключэня. — Ведаем кіраўніка аркестра, Аляксандра Крамко, ён былы рэктар кансерваторыі. Недаўна яму споўнілася 80 год, глядзелі святочны канцэрт. Калі такія музыкі прыязджаюць у Гродна, варта прыходзіць, каб паслухаць прафесійную музыку, што выконваецца на самым высокім узроўні».

«Люблю народную музыку. Мая лепшая сяброўка іграе на домры, а сын на гітары,» — распавяла Бажэна Ракус. Па працы жанчына не звязана непасрэдна з музыкай, але песні і вершы, што ўваходзяць у праграму, ведае. Самым чаканым для яе творам была песня «Слуцкія ткачыхі». На гэту музыку харэаграфічны гурт каледжа мастацтваў «Гарадзенскія карункі» ладзіў танцавальную пастаноўку. Пабачыць яшчэ адзін варыянт увасаблення знакамітага твора было вельмі цікава.

Вядучая канцэрта і адна з аўтарак праграмы, мастацтвазнаўца Вольга Брылон, распавяла пра цікавосткі лёсу «Вянка». Нотны матэрыял праграмы быў страчаны і адноўлены на слых Аляксандрам Крымко па адзіным магнітафонным запісе. У праграме ёсць дзве песні на вершы Багдановіча, каторыя не належаць аўтарству Мулявіна. Гэта «Зорка Венера» і «Вераніка». Музыку да «Веранікі» напісаў Ігар Лучанок. «Зорка Венера» доўгі час лічылася народнай песняй і толькі нядаўна было ўсталявана, што музыку да яе напісаў кампазітар-аматар Сымон Рак-Міхайлоўскі, каторы быў рэпрэсаваны і растраляны ў 1937 годзе.

«Гэтыя творы — наша легенда і наш феномен. Шчасце, што ў нас ёсць такія песні. Яны навучаюць, як казаў Купала, «людзьмі звацца».

Па словах Вольгі Вялічка, кіраўнічкі Гродзенскага дзіцячага хоспіса, наведвальнікі канцэрта «спрычыніліся да цуда» праз магчымасць паслухаць найлепшы беларускі калектыў і далучыцца да дабрачыннай акцыі.

Песні, што вучаць “людзьмі звацца” прагучалі ў Гродне. Дабрачынным канцэртам аркестр імя Жыновіча павіншаваў дзіцячы хоспіс з юбілеем


У праграме ўдзельнічалі экс-саліст гуртоў «Лявоны» і «Песняры» Ян Жэнчак, салісты групы «Спадчына» Вячаслаў Ісачанка (вакал), Андрэй Шчыткавец (бас-гітара) і Сяргей Шкурдзэ (ударныя), саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча, Андрэй Коласаў, вакальны гурт «Дыямант» у складзе Наталлі Шасцярэнь, Таццяны Лаўрэнцьевай і Уладзіслава Даніловіча.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]