28 лістапада літоўскія памежнікі ў непраходнай для чалавека мясцовасці знайшлі аўтамабіль-амфібію з 20-ю скрынкамі цыгарэт «Карона super slims» беларускай вытворчасці, піша euroby.info.

Выявіць амфібію атрымалася дзякуючы таму, што недалёка ад мяжы з Беларуссю ў Варанскім раёне Літвы памежнікі выявілі тры пустыя легкавыя машыны без кіроўцаў.

На гэтым участку мяжы агароджы паміж краінамі няма. Суцэльныя балоты робяць мясцовасць непраходнай для чалавека, таму мяжа тут толькі пазначаная ўмоўна, так званая «зялёная мяжа».

Літоўскія памежнікі знайшлі ў балоце аўтамабіль-амфібію з кантрабанднымі цыгарэтамі

У дапамогу памежнікам быў выкліканы службовы верталёт і неўзабаве ў балоцістай мясцовасці выявілі амфібію, якая дастаўляла цыгарэты праз гэтыя, здавалася б, непраходныя месцы. Мяркуецца, што тавар, незаконна дастаўлены з Беларусі, збіраліся перагрузіць ў хуткаходныя легкавушкі, якія далей развезлі б цыгарэты ўглыб Літвы.

Кантрабанда ў 12 тысяч пачкаў цыгарэт была ацэненая на 35 тысяч еўра. Затрыманым па гэтай справе двум літоўцам пагражае штраф альбо нават пазбаўленне волі да 7 гадоў і канфіскацыя амфібіі.