Польскі рытэйлер дзіцячага адзення CDRL S.A., які валодае маркай Cocodrillo, збіраецца набыць 90% акцый беларускай гандлёва-прамысловай групы West Ost Union, што валодае ў Беларусі сеткай крам «Буслiк». Гэта вынікае з паведамлення польскага акцыянернага таварыства, апублікаванага на сайце Варшаўскай фондавай біржы, піша «Наша Н**а» са спасылкай на belretail.by.
У паведамленні гаворыцца, што CDRL S.A. падчас перамоваў з прадаўцамі — Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і чатырма фізічнымі асобамі — узгодненыя ўмовы пакупкі 90% акцый West Ost Union. Агульны кошт акцый складае $ 6,39 млн. Ён будзе выплачаны на падставе дагавора куплі-продажу акцый, які будзе заключаны пасля атрымання згоды МАРГ Беларусі.
Кампанія West Ost Union валодае 46 магазінамі ў Беларусі, з іх 17 у самім Мінску. У сетцы прадаюцца ўсе групы прадуктаў для дзяцей ад нараджэння да 12 гадоў, уключаючы дзіцячае харчаванне, падгузнікі, аксэсуары для нованароджаных, дзіцячую касметыку, дзіцячыя калыскі, вопратку, абутак, цацкі, казкі і вучэбную літаратуру.